"Ляпіс Трубецкой" ды іншыя музыкі выказалі сваё права на выбар

Дыск, на які трапілі 23 песні розных выканаўцаў, атрымаў назву "ВыбіRight. Права на выбар". Паводле слоў аднаго з ідэолагаў праекту, намесніка старшыні працоўнай групы "Асамблея" Вацлава Арэшкі, ён прыемна ўражаны вынікам працы, бо чакаў што будзе значна горш.

Вацлаў Арэшка: "Цяпер існуе нейкая расчараванасць творцаў у ідэйным падыходзе, яны больш імкнуцца да камерцыйнага. Але тут, мне здаецца, ён атрымаўся нават лепш, чым я ўяўляў".

Як прызнаўся Вацлаў, ніводны музыка, з тых, да каго звярталіся стваральнікі складанкі, не адмовіўся ад удзелу. Больш за тое, музыкі самі даволі актыўна дасылалі свае песні, што дае магчымасць выдаць яшчэ адзін дыск.

Вацлаў Арэшка: "Даволі позна здолелі прыступіць да гэтай дзейнасці, таму некаторыя рэчы, якія хацелі паставіць, альбо проста не паспелі дамовіцца з музыкамі, альбо музыкі даслалі, калі ўжо плэй-ліст быў сфармаваны. Таму я і кажу, што нават тэма дыска ў нас не вычарпаная. Ёсць шмат цікавых рэчаў, якія мы жадалі б таксама апублікаваць надалей".

Удзел у праекце ўзялі гурты "Ляпіс Трубяцкой", Pomidor/OFF, ZM99, "Мясцовы час", MAUZER, ды іншыя. А вось хто застаўся па-за складанкай, Вацлаў прытрымаў у сакрэце. Дыск "ВыбіRight. Права на выбар" ужо знаходзіцца ў друку, але атрымаць яго здолее далёка не кожны.

Вацлаў Арэшка: "Мы плануем, што ў сераду-чацвер напярэдадні выбараў ён у нас будзе ўжо гатовы. Ён не будзе прадавацца, гэты дыск бясплатны. Распаўсюджвацца ён будзе праз тых, хто падтрымлівае ідэі, хто ўдзельнічае ў актывізацыі насельніцтва. Я думаю, што можна будзе атрымаць яго і 19-га снежня ўвечары".

На жаль, канцэртнай прэзентацыі зборніка не плануецца, бо гэта складана зрабіць ў такі кароткі тэрмін. Але спадар Арэшка прызнаўся, што пакуль акцыя  "ВыбіRight. Права на выбар" не плануе закрывацца, таму ў будучыні ўсё цалкам магчыма.

Вацлаў Арэшка: "Сама ідэя не вычарпаная, бо мы думаем, што канчатковы выбар беларускага народа не здзейсніцца 19-га чысла. Таму тэма справядлівага выбару ды права на выбар застаецца актуальнай, і мы будзем яе працягваць. Мы б не хацелі каб людзі пасля 19-га адчувалі нейкае расчараванне ці падзенне інтарэсаў да грамадскай і палітычнай дзейнасці. Таму я думаю, што распаўсюджанне дыска пойдзе і далей, і можа быць, нават, гэта першы, але не апошні дыск гэтай серыі".

Трэк-ліст "ВыбіRight. Права на выбар":

1. "Мясцовы час" - "Спявай разам з намі!"
2. "Андрэй Хадановіч" - "Вожык-патрыёт"
3. "Ляпіс Трубяцкой" - "Ружовыя акуляры"
4. AMAROKA - MTV
5. Ambasadar KROU (ЧпБ) - "Асаджаны"
6. Тацьцяна Беланогая - "Знітаваныя"
7. Rokash - "Запалі агонь"
8. "Спрат" - "Час растання"
9. Vinsent - "Слава Героям!"
10. "Глюкі" feat. MAUZER і Green Che - "Краіна 2.0"
11. Тlusta Lusta - "Аграгарадок"
12. Band_A - "Дэжа вю ФМ"
13. Wanted! - "Чарка Ды Скварка"
14. :B:N: - "Жыццё маё"
15. ZM99 - "Неба"
16. Sciana - "Кім я быў"
17. TERMIN X - "Гэта усё я"
18. P.L.A.N. - "Рабы і Воля"
19. Віктар Шалкевіч - "Песьня пра касу"
20. PANaNieba - "Мы Становімся Мацней"
21. Akropal - "Апошні Крок"
22. Pomidor/OFF - "Хлусьня" (radio&TV edit)
23. MAUZER - "Усьміхайся"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі