Лукашэнка заявіў пра затрыманне ў Беларусі чарговай групы "тэрарыстаў"

Лукашэнка заявіў пра затрыманне ў Беларусі чарговай групы "тэрарыстаў"

22 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне ў Беларусі чарговай групы "тэрарыстаў". Адбылося гэта на сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці. Па словах Лукашэнкі, даклад пра затрыманне ён атрымаў не ад КДБ, а ад міністра ўнутраных спраў.

"Сёння ноччу — учора днём затрымалі 6 або 7 чалавек, якія спрабавалі ўчыніць тэракты",сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пасля ўдакладніў, што "сем чалавек затрымалі". Верагодна, група працавала пад наглядам сілавікоў, паколькі за ёй "проста назіралі і чакалі, калі яны пад камеру гэта зробяць [тэракт?], усё знялі". Атрымліваецца, што група не паспела яшчэ нічога ўчыніць, а толькі планавала нейкія акцыі "супраць дзяржаўных служачых, асабліва супраць работнікаў пракуратуры, і нават на суддзяў ужо пакацілі".

Сілавікі працягваюць шукаць яшчэ аднаго ўдзельніка групы, які "нібыта, у Расію пабег". Але Лукашэнка ўпэўнены, што яго знойдуць і прывязуць у Беларусь.

Пасля выбараў 2020 года ў Беларусі пачалі выяўляць "тэрарыстычныя групы". Аднак акрамя некалькіх падпалаў будынкаў і аўтатранспарту сілавікоў, сабатажу на чыгунцы тэрактаў яны не здзейснілі. У шэрагу выпадкаў у складзе груп былі супрацоўнікі спецслужбаў, якія забяспечылі патрэбнае "відэа", як і ў сённяшнім выпадку, агучаным Аляксандрам Лукашэнкам.

Якраз 22 снежня ў Мінску вынеслі прысуды групе анархістаў Ігара Аліневіча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі