Вы тут

Лукашэнка заўважыў, што ад'езд айцішнікаў "усё ж назіраецца", і ён немалы

Лукашэнка прымае з дакладам чыноўнікаў​ / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка зноў загаварыў пра праграмістаў і IT. У панядзелак ён прымаў з дакладам кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Гусакова і міністра сувязі і інфармацыі Канстанціна Шульгана

"Працэс ад'езду некаторых айцішнікаў ўсе ж назіраецца, і, магчыма, ён не малы. Нам трэба паглядзець з пункту гледжання бяспекі, наколькі гэта небяспечна для Беларусі", — заявіў Лукашэнка. Ён хоча "ўсё ж такі разабрацца з IT-тэхналогіямі, IT-паркамі і з гэтымі айцішнікамі, каб у нас былі роўныя ўмовы для ўсіх". Паводле яго слоў, прыйшоў час вырашаць гэтыя пытанні. Ён папрасіў сваіх суразмоўцаў расказаць, што адбываецца ў ПВТ і наколькі там моцная тэндэнцыя да адтоку кадраў.

Раней Лукашэнка неаднаразова крытычна выказваўся пра прадстаўнікоў IT-галіны, якія падтрымалі пратэсты ў 2020 годзе. "Мы стваралі IT-парк: "Ах, трэба, ах, добра!"...  І што атрымалі: самыя быццам прасунутыя, самыя багаценькія і забяспечаныя — дзе яны апынуліся?" — казаў ён, у прыватнасці, у чэрвені 2021 года. Акрамя таго, Лукашэнка анансаваў павелічэнне падаткаў для рэзідэнтаў ПВТ, казаў пра тое, што, магчыма, "прыйшоў час паставіць нашых айцішнікаў у роўныя ўмовы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.