Вы тут

Лукашэнка: Запомніце, я не пацан. У Расію ўваходзіць не збіраемся (відэа)

Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай і не ўступіць у склад Расіі. У чацвер ён сустракаецца ў Палацы Незалежнасці з дэпутатамі і сенатарамі 6-га і 7-га скліканняў.

"Запомніце, я не пацан, які адпрацаваў 3-4-5 гадоў прэзідэнтам, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Мне хапіла: вось так! І я не хачу перакрэсліць, што я зрабіў разам з вамі, з народам. Стварыў суверэнную, незалежную дзяржаву, каб яе пакласці зараз у нейкую скрыню з крыжом наверсе?! І кудысьці выкінуць ці перадаць... Гэтага пры мне не будзе ніколі!".

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не збіралася і не збіраецца ўваходзіць у склад якой-небудзь дзяржавы, "нават брацкай Расіі". Відэа заявы з'явілася ў тэлеграм-канале Пул Першага.

Як вядома, на 6 снежня запланаваная паездка беларускага кіраўніка да расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. У Сочы яны мусяць атрымаць для падпісання падрыхтаваныя дакументы па “паглыбленні інтэграцыі” Беларусі і Расіі. Але некаторыя пытанні (напрыклад, пра нафту і газ) дагэтуль нявырашаныя, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.