Вы тут

Лукашэнка: усё сапсаваў Валодзя Зяленскі

president.gov.by

2 верасня падчас сустрэчы з мінскімі школьнікамі Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што хацеў ездзіць на працу на ровары. Аднак новаабраны ўкраінскі прэзідэнт яго апярэдзіў.

"Мяне заўсёды цягне да таго, каб сесці на электрычны аўтаматацыкл або ровар і паехаць на працу, — распавядаў Лукашэнка (гэтыя яго словы прагучалі ў вечаровым выпуску навінаў на тэлеканале АНТ). — Але ўсё сапсаваў Зяленскі. Прэзідэнт Украіны Валодзя Зяленскі. Ён, калі яго абралі, сказаў: я буду на ровары ездзіць. І я адмовіўся ад гэтай ідэі. Таму што адразу правядуць паралель: вось, Лукашэнка там пачуў ад Валодзі Зяленскага, што ён на ровары паедзе, і ён паехаў. Таму я адмовіўся. Але гэта вялікая справа".

Цікава, што Лукашэнка думаў пачаць ездзіць на працу на ровары толькі пасля чвэрці стагоддзя ва ўладзе. Зяленскі, як вядома, стаў прэзідэнтам толькі сёлета. Ён, дарэчы, ездзіць на працу не на ровары, а на аўтамабілі. Таму беларускі кіраўнік дарма адмовіўся ад добрай ідэі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.