Лукашэнка: У нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы
8 верасня Аляксандр Лукашэнка прымаў з дакладам старшыню праўлення Нацбанка Паўла Калаўра. Гаворка ішла пра кошты. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў бліжэйшы час яму будзе дакладзена аб сітуацыі з цэнамі на спажывецкім рынку нашай краіны.
Лукашэнка і Калаўр абмеркавалі і сітуацыю на валютным рынку. Старшыня праўлення Нацбанка праінфармаваў пра тое, што за восем месяцаў 2015 года беларусы прадалі валюты на 362 млн долараў больш, чым купілі.
"Дзякуючы таму, што мы перайшлі на плаваючы курс і ні ў якім выпадку штучна не стрымліваем курс нацыянальнай валюты ў адносінах да іншых валют, нам усё-такі ўдалося пераканаць насельніцтва, што мы з ім у гульні гуляць не будзем. І гэта правільна, нам трэба прытрымлівацца падобнай пазіцыі... Звычайныя людзі ў нас усё могуць купіць у Беларусі за беларускія рублі", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.
Таксама Лукашэнка падкрэсліў, што "ў нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы, і дай бог нам вось так прайсці, як мы сёння ідзем". Паводле яго слоў, сітуацыя ў свеце не залежыць ад Беларусі, таму нашай краіне трэба да яе прыстасавацца. Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў пра тое, што ва ўсіх сегментах эканомікі, у тым ліку і ў валютнай сферы, "адносна спакойная сітуацыя". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "гэта наша шчасце".
Фота: ria.ru