Лукашэнка: У Мінску машыны не будуць ставіць у паркінгі і па мінімальным кошце

Лукашэнка: У Мінску машыны не будуць ставіць у паркінгі і па мінімальным кошце

Аўтамабілісты ў беларускай сталіцы не будуць ставіць машыны ў паркінгі і па мінімальным кошце, "калі іх можна кінуць у любой кропцы Мінска". Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка. У пятніцу кіраўнік дзяржавы ў мінскай ратушы выслухаў даклад пра перспектывы развіцця сталіцы.

Плануецца разгрузіць вуліцы Мінска ад аўтамабіляў за кошт будаўніцтва сеткі перахопліваючых шматузроўневых падземных парковак. Старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, галоўны архітэктар сталіцы Павел Лучыновіч  заявіў, што на ўездзе ў горад іх мусіць быць 14. Таксама такія ж паркоўкі з'явяцца каля станцый метро ў цэнтры Мінска і каля вялікіх чыгуначных станцый. Дзякуючы гэтаму плануецца абмежаваць уезд транспарту ў цэнтральную частку сталіцы.

Лукашэнка глядзіць на гэтыя планы асцярожна, ён прапанаваў "яшчэ раз палічыць", колькі гэты праект будзе каштаваць. Паводле яго слоў, аўтамабілістаў да парковак магла б падштурхнуць цана, якая мусіць быць "нармальнай". Але і яе недастаткова. Ён прапанаваў вывучаць досвед іншых сталічных гарадоў свету. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важна "не абвастрыць адносіны з людзьмі", інфармуе БЕЛТА.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра прапанаваў спыніць будаўніцтва шматпавярховікаў вакол Мінска (у аграгарадках Калодзішчы, Сеніца, вёсцы Бараўляны). Лукашэнка яго падтрымаў. Таксама кіраўнік Беларусі заявіў, што сталіцу захаваюць у існуючых межах і зробяць яе больш зручнай для жыхароў. Ранейшым генпланам прадугледжвалася павелічэнне Мінска да 54 тысяч гектараў, аднак ад гэтай ідэі адмовіліся. Плошча сталіцы захаваецца пераважна ў межах МКАД. Далучаць да яе толькі каля 2 тысяч гектараў лесапаркавых тэрыторый з паўднёва-усходняга боку Мінскага мора.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі