Вы тут

Лукашэнка: пры новай Канстытуцыі прэзідэнтам ужо не буду

Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка выступае супраць парламенцкіх выбараў па партыйных спісах. Пра гэта ён заявіў падчас візіту ў 6-ю гарадскую клінічную бальніцу Мінска, перадае БЕЛТА. 

Лукашэнка заявіў, што гэта пагражае расколам грамадства і ўзнікненнем груп з рознымі інтарэсамі. Па яго словах, партыйныя спісы на выбарах не пасуюць Беларусі: "Усё гэта добра, калі ты гэта ў іншых бачыш — партыйныя спісы і іншае"

Пры гэтым ён заявіў, што новая Канстытуцыя будзе рабіцца не пад яго, таму грамадзяне могуць выбраць і такі варыянт парламенцкіх выбараў. "Ніякую Канстытуцыю пад сябе не раблю. З новай Канстытуцыяй я ўжо з вамі прэзідэнтам працаваць не буду. Таму супакойцеся, спакойна гэта пераносьце. І я ніколі не дапушчу таго, каб, прымаючы новую Канстытуцыю, хтосьці сфальшывіў ці потым выбары па новай Канстытуцыі хтосьці сфабрыкаваў. Нават калі буду ведаць, што гэта будзе не тое, што я хачу", — заявіў ён.

Раней Лукашэнка паведамляў, быццам яму прыносілі тры варыянты новай Канстытуцыі, але ён усе іх адпрэчыў. Цяпер улады імітуюць народнае абмеркаванне прапановаў у новы варыянт Канстытуцыі.

Пра магчымасць свайго адыходу ад улады Лукашэнка таксама адказваў падчас паездкі на Мінскі завод колавых цягачоў: "Пакуль вы мяне не заб'яце, іншых выбараў не будзе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.