Лукашэнка спытаў у Шэймана: Што адбываецца ў Аршанскім раёне?

Лукашэнка спытаў у Шэймана: Што адбываецца ў Аршанскім раёне?

Пра пашырэнне супрацоўніцтва з Афрыкай і пра сітуацыю ў Аршанскім раёне ішла гаворка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка справамі прэзідэнта Віктара Шэймана. Высвятляецца, што Шэйман меў даручэнне шукаць новыя рынкі на поўдні і паўднёвым захадзе Афрыкі. Ён мусіў прапанаваць, на якія краіны Беларусь можа там абаперчыся.

Як інфармуе БЕЛТА, асобная гаворка была пра Аршанскі раён. “Што там адбываецца? — спытаўся Аляксандр Лукашэнка. — У бліжэйшы час усе чальцы ўраду, якія там задзейнічаныя, будуць трымаць справаздачу”. Па словах Лукашэнкі, Аршанскі раён мусіць стаць прыкладам таго, як у нашай краіне могуць развіваць раённыя цэнтры.

Тэма сітуацыі ў Аршанскім раёне сёлета рэгулярна ўзнікае падчас сустрэч Лукашэнкі і Шэймана. У траўні кіраўнік спраў прэзідэнта атрымліваў даручэнне прааналізаваць стан шэрагу прадпрыемстваў (авіярамонтны завод, завод прыбораў аўтаматычнага кантролю і г. д.) у Аршанскім раёне. Да канца 2017-га сітуацыя там мусіць “істотна палепшыцца”. У чэрвені Шэйман падрыхтаваў даклад. Лукашэнка тлумачыў сваю ўвагу да Аршаншчыны тым, што наспеў час вырашыць там праблемы (раней да гэтага было мала ўвагі) і прывесці горад “у адпаведнасць з нармальным функцыянаваннем”. Такое было даручэнне ўраду, задачай Віктара Шэймана быў кантроль.

Таксама варта згадаць скандальную гісторыю, звязаную з новапрызначаным старшынёй Аршанскага райвыканкама Леанідам Пянькоўскім. Вясной 2017-га неўзабаве пасля прызначэння ў дом, дзе знаходзіўся чыноўнік, уварваліся праваахоўнікі. Справу ўзяў на асабісты кантроль Аляксандр Лукашэнка. У пачатку жніўня ён Пянькоўскага звольніў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі