Лукашэнка: Штрафамі мы раззлуем людзей, галоўная адказнасць — звальненне

У Аляксандра Лукашэнкі 2 снежня прайшла нарада па праекце дэкрэта "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікам арганізацый".

Кіраўнік Беларусі запатрабаваў жорсткіх мер па недапушчэнні да кіраўніцкай дзейнасці ў бліжэйшай і доўгатэрміновай перспектывах тых, хто звольнены за правалы ў працы.

Як перадае БЕЛТА, Лукашэнка заявіў, што кіраўнік павінен за правалы ў працы адказваць звальненнем, а не штрафамі: "Для кіраўнікоў галоўная адказнасць — гэта звальненне з працы. Усе гэтыя штрафы яшчэ штосьці — мы проста раззлуем людзей, і ўсё гэта без толку, эфекту не будзе мець. Гаворка ідзе пра тое, калі кіраўнік не цягне або правініўся. Правініўся — я не кажу, што дапусціў памылку, ці яшчэ нейкія прычыны. Кіраўнік, займаючы пасаду, выдатна ведае, што можна рабіць, а што нельга. І калі ён парушыў гэты парадак, чаго яго трымаць на пасадзе — яго трэба звальняць. Калі ён здзейсніў правапарушэнне, якое патрапляе пад артыкул Адміністрацыйнага або, яшчэ горш, Крымінальнага кодэксу — ён па гэтым артыкуле і будзе адказваць".

Таксама Лукашэнка запатрабаваў, каб разам з узмацненнем адказнасці кіраўнікам далі і большыя правы. "Інакш атрымаецца, што мы галовы будзем зносіць кіраўнікам, а кіраўнікі не змогуць як след спатрабаваць са сваіх падначаленых. І ў выніку нічога не атрымаецца", — перадае БЕЛТА яго словы.

Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі