Лукашэнка пра "Маці 328": ім самім трэба было займацца прафілактыкай

Лукашэнка пра "Маці 328": ім самім трэба было займацца прафілактыкай

У Беларусі ўдалося стабілізаваць абстаноўку па распаўсюдзе і спажыванні наркотыкаў, аднак асаблівых падставаў для самазаспакаення няма. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях процідзеяння распаўсюду наркотыкаў і прафілактыкі наркаманіі, перадае БЕЛТА.

У нарадзе прынялі ўдзел кіраўнікі ўрада, шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, судзейскага корпуса.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што тэма барацьбы з наркотыкамі за апошнія пяць гадоў неаднаразова абмяркоўвалася на высокім узроўні. Лукашэнка адзначыў поспехі ў гэтай сферы: "Нам удалося паставіць заслон на шляху распаўсюду сінтэтычных прэпаратаў, так званых спайсаў, асноўнымі спажыўцамі якіх была моладзь. Значна ўзмоцненая крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропаў". Колькасць нарказлачынстваў за апошнія пяць гадоў скарацілася ў 1,5 раза, а нарказлачынстваў з удзелам непаўналетніх — прыкладна ў пяць разоў.

Пры гэтым Лукашэнка дадаў, што няма асаблівых падставаў для самазаспакаення. "Мы тады прынялі рашэнне, што да гэтага пытання прыкладна праз пяць гадоў вернемся, прааналізуем практыкі і, калі неабходна, прымем дадатковыя меры, што сёння і спрабуем зрабіць. З першага заходу у нас атрымаецца ці, можа, яшчэ раз давядзецца да гэтага пытання вярнуцца, але да 1 студзеня 2020 года кропкі над "i" павінны быць расстаўленыя", — абазначыў ён тэрміны.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь знаходзіцца ў зручным для наркашляхоў месцы. Толькі за мінулы год праваахоўнікі перахапілі на мяжы амаль паўтоны гашышу, а таксама больш за 36 кг амфетамінаў і іншых псіхатропных рэчываў.

Лукашэнка згадаў, як моладзь уцягваюць у распаўсюд наркотыкаў праз сайты і месенджары. "Падлеткі згаджаюцца на ўгаворы невядомых ім асоб у сетцы інтэрнэт зрабіць адну-дзве закладкі, не разумеючы толкам, у што ўвязваюцца, а потым атрымліваюць вялікія тэрміны. Натуральна, становяцца саўдзельнікамі збыту і спажывання наркотыкаў з усімі вынікаючымі наступствамі", — заявіў ён.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў караць найперш кіраўнікоў арганізаваных груп і аптовых звёнаў наркатрафіку. "Не можаце самі дастаць гэтых дзялкоў, калі яны знаходзяцца дзесьці за мяжой, — тады задзейнічайце міжнародныя каналы ды іншыя вядомыя ў працы спецслужбаў метады. Зрабіце ўсё магчымае, каб ліквідаваць злачынную сетку цалкам", — запатрабаваў ён.

Лукашэнка таксама згадаў нядаўняе змякчэнне антынаркатычнага заканадаўства і рух "Маці 328", які вытупаў з такой ініцыятывай. Пры гэтым пра саміх удзельніц руху ён выказаўся так: "Асабліва абмяркоўваюць і галосяць так званыя "Маці 328". Мы, вядома, іх разумеем: гэта бяда ў сям'і. Ім трэба параіць своечасова займацца сваімі дзецьмі. А потым галасіць, стагнаць і выстаўляць прэтэнзіі ўладзе. Маці правільна завастраюць увагу на неабходнасці больш эфектыўнай працы з моладдзю па прафілактыцы нарказлачыннасці і наркаманіі. Прапаноўваюць нам больш актыўна весці прафілактыку, толькі забыліся, што ім самім трэба было гэтай справай займацца ў сям'і".

Таксама раскрытыкаваў ён і Міністэрства інфармацыі, якое не вядзе ніякай барацьбы супраць наркотыкаў. "Разам з традыцыйнымі СМІ тут варта актыўна падключаць сацыяльныя сеткі і іншыя віды папулярных у падлеткаў інтэрнэт-рэсурсаў . У гэтым плане дзейнасць Міністэрства інфармацыі зараз малапрыкметная. Я наогул нешта не бачу гэтага міністэрства", — абурыўся кіраўнік дзяржавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі