Лукашэнка назваў беларуска-расійскую мяжу "самай дзіўнай мяжой у Еўропе"

Лукашэнка назваў беларуска-расійскую мяжу "самай дзіўнай мяжой у Еўропе"

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу на працягу 2018 года ўрэгуляваць рознагалоссі з Расіяй у памежнай сферы. У чацвер кіраўнік дзяржавы праводзіць нараду, прысвечаную лібералізацыі візавага рэжыму. На ёй Лукашэнка прыгадаў, што захады па спрашчэнні візавага рэжыму для замежнікаў, якія робяцца ў нашай краіне (іх ён назваў “рацыянальнымі” і “цалкам вытлумачальнымі”), выклікаюць насцярожанасць у Маскве.  

“З лютага 2016 года беларуска-расійская мяжа набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і паўсюль, “самай дзіўнай мяжы ў Еўропе”, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — З гэтага часу расійскі бок без афіцыйнага паведамлення пачала здзяйсняць паўнавартасны пашпартны кантроль у дачыненні ўсіх асоб, якія едуць на аўтамабільным транспарце, а затым — на авія- і чыгуначным”.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў ураду, МЗС, іншым ведамствам самастойна вырашыць гэтую праблему, без яго ўдзелу. Паводле слоў Лукашэнкі, “гэта ненармальна, калі паміж двума брацкімі дзяржавамі і народамі зноў аднаўляецца мяжа, якую мы з такой цяжкасцю здымалі больш за 20 гадоў таму”. “Не ведаю, каму гэта патрэбна”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што расіяне спасылаюцца на неабходнасць забяспечыць бяспеку. Але Лукашэнка лічыць гэта “адгаворкамі”, паколькі існуе агульны “чорны спіс” замежнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю “саюзнай дзяржавы”. “Ніхто не можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых спісах”, — кажа кіраўнік дзяржавы.

“Трэба з расіянамі весці на гэты конт дыялог, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Але закрывацца адзін ад аднаго нельга, гэта будзе кепскі прыклад… На працягу 2018 года ўсе пытанні трэба зняць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі