Лукашэнка паказаў журналістам "прэзідэнцкае поле" і навучыў жаць сярпом

Лукашэнка паказаў журналістам "прэзідэнцкае поле" і навучыў жаць сярпом

18 жніўня Аляксандр Лукашэнка наведаў сельскія гаспадаркі ў Шклоўскім і Аршанскім раёнах, дзе азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў краіне. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, ён асабіста на камбайне праінспектаваў ход жніва.

На пшанічнае поле ААТ "Александрыйскае" Лукашэнка прыехаў на квадрацыкле. Ён паведаміў журналістам, што тут знаходзіцца поле, на якім ён калісьці працаваў, і назваў гэтае поле "прэзідэнцкім". 

Гэта поле размяшчаецца адразу на тэрыторыі дзвюх абласцей — Магілёўскай і Віцебскай. Лукашэнка падзяліўся дзіцячымі ўспамінамі, звязанымі з гэтым полем. 

"Першы, калі я сам вадзіў каня, абганяючы бульбу. Поле было падзелена на тры часткі. Было 12 гадзін дня, спякота неймаверная, авадні, мухі... А потым ужо я сам абганяў бульбу (гэта другое ўражанне), а малодшы стрыечны брат вадзіў каня. Ён быў крыху меншы за мяне ростам, і яму ўвесь час трэба было ісці, трымаючы рукі ўверх, — каня весці", —цытуе БЕЛТА ўспаміны кіраўніка дзяржавы. 

Ён расказаў, што цяпер плошча "прэзідэнцкага" поля складае каля паўтысячы гектараў. Пэўны час таму Лукашэнка вырашыў зрабіць яго своеасаблівым эксперыментальным полем пры апрацоўцы тых ці іншых відаў сельскагаспадарчых культур. Сёлета ён даручыў пасеяць на гэтым полі азімую пшаніцу і гібрыднае дыплоіднае жыта гатункаў замежнай селекцыі. На абодвух участках ўраджайнасць дасягнула 90-100 цэнтнераў з гектара. 

Таксама кіраўнік дзяржавы даў журналістам майстар-клас, як жаць збожжа сярпом. У гэтай своеасаблівай талацэ прынялі актыўны ўдзел кіраўнікі мясцовай вертыкалі ўлады і іншыя чыноўнікі, у тым ліку віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы. Гэта быў адказ Лукашэнкі на флэшмоб журналістаў, якія апранулі на сённяшняе мерапрыемства майкі з арнаментам. 

На полі Лукашэнка вырашыў апрабаваць камбайн КЗС-1624-1 з серыі "Палессе". Разам з кіраўніком Беларусі на камбайн залез і яго малодшы сын Мікалай. Кіраўнік Беларусі заняў месца на пляцоўцы каля кабіны і азнаёміўся з працай тэхнікі на хаду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі