Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб будаўніцтве нафтаправода

Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб будаўніцтве нафтаправода

Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб будаўніцтве магістральнага нафтаправода Гомель — Горкі, паведамляе БЕЛТА. Ён мусіць звязаць паўднёвую і паўночную галіны нафтаправода "Дружба" на тэрыторыі нашай краіны. Адзначаецца, што інвестыцыйны праект мусіць стартаваць ужо сёлета і быць скончаны ў 2023 годзе. Ён рэалізуецца "у мэтах дыверсіфікацыі паставак нафты ў Беларусь".

Замоўцам па праектаванні і будаўніцтве з'яўляецца прадпрыемства "Гомельтранснафта Дружба", а генеральнай праектнай і генпадраднай арганізацыяй — "Беларуснафта". Органы дзяржаўнага і мясцовага кіравання мусяць ім садзейнічаць. Пасля злучэння паўночнай і паўднёвай галінаў "Дружбы" нафтаперапрацоўчыя заводы ў Наваполацку і Мазыры змогуць пры патрэбе дзяліцца сыравінай паміж сабой.

Беларусь пачала ўшчыльную займацца арганізацыяй альтэрнатыўных паставак нафты ў канцы 2019 года. З таго часу "чорнае золата" пачало паступаць не толькі з Расіі, а і праз Літву ды Украіну. 29 красавіка стала вядома, што наша краіна купіла першую партыю нафты ў кампаніі Saudi Aramco. У траўні яна прыбудзе ў Клайпеду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі