Вы тут

Лукашэнка падпісаў Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

18 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў пастанову Савета бяспекі "Аб Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь", паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Вынікі яе рэалізацыі Лукашэнку будуць паведамляць штогод у дакладзе аб стане нацыянальнай бяспекі і мерах па яе ўмацаванні.

Паведамляецца, што ў Канцэпцыі ўлічаныя ўсе заўвагі і прапановы чальцоў Савета бяспекі, якія паступілі падчас разгляду праекта на пасяджэнні 12 сакавіка. У прыватнасці, узмоцненыя палажэнні аб падрыхтоўцы кадраў па інфармацыйнай бяспецы, выкарыстанні сусветных рэйтынгаў для ацэнкі стану бяспекі, абароне камерцыйнай, прафесійнай, банкаўскай таямніц. У дакуменце ўказана, што на рызыкі і выклікі ў інфармацыйнай сферы рэагаваць павінныя ўсе без выключэння дзяржаўныя органы і арганізацыі ў адпаведнасці са сферай іх дзейнасці, максімальна поўна і аператыўна.

Падкрэсліваецца, што Канцэпцыя зыходзіць з геапалітычных інтарэсаў Беларусі, яе месца і ролі ў сучасным свеце. 

Як адзначае прэс-служба кіраўніка Беларусі, у дакуменце адлюстраваныя сучасныя выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы, якія ўяўляюць небяспеку для канстытуцыйных асноў і жыццядзейнасці дзяржаў. Такімі пагрозамі называюцца маніпуляванне масавай свядомасцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасцяў, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, няўстойлівасць інфармацыйнай інфраструктуры ды іншыя.