Вы тут

Лукашэнка падпісаў дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі”

Фота: БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, інфармуе БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы заявіў пра гэта на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў, якая праходзіць у пятніцу ў Мінску. Ён адзначыў, што галоўная мэта дакумента — стварыць спрыяльныя ўмовы ў нашай краіне, каб сусветныя IT-кампаніі прыходзілі ў Беларусь і адкрывалі тут свае прадстаўніцтвы, арганізоўвалі цэнтры распрацовак, стваралі прадукт, запатрабаваны на рынках свету.

“Беларусь становіцца фактычна першай у свеце дзяржавай, якая адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн. У нас ёсць усе шанцы стаць рэгіянальным цэнтрам кампетэнцый у гэтай галіне”, — заявіў Лукашэнка ў сваёй прамове.

Вядома, што дэкрэт “Аб развіцці лічбавай эканомікі” прадугледжвае максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця тэхналогій блокчэйн, уводзіць свабоду ў найманні замежных спецыялістаў, значна вырасце колькасць IT-спецыялістаў, якіх будуць рыхтаваць у Беларусі.

На сённяшняй сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў (“ад рамеснікаў да ўладальнікаў буйных прыватных кампаній”) Лукашэнка заявіў, што малы і сярэдні бізнес — найважнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі. Паводле яго слоў, у нашай краіне больш няма ніякіх перашкод для прадпрымальніцкай дзейнасці.