Лукашэнка: Няхай Баўмгертнер падзякуе ўласнай маці

“Мы з Пуціным і тыдзень таму сустракаліся, і прэзідэнт Беларусі нікога не выпускаў. Гэта каб, можа быць, мяне ўкалоць, можа, яшчэ некага”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Жлобіне ў часе святкавання рэспубліканскіх “Дажынак”.





“Што тычыцца гэтага арыштанта, то ён і тыя, хто пакутуе з гэтай нагоды, няхай падзякуюць яго маці. Яна звярнулася да мяне з лістом тры ці чатыры дні таму. Яна, як мне дакладвалі, прыязджала сюды, папрасіла змякчыць яму меру стрымання, — сказаў Лукашэнка. — Я рашэння не прымаў. Я выказаў сваё меркаванне: каб працэс не пацярпеў, няхай следчыя вырашаюць, я не супраць, калі яму будзе змененая мера пакарання”.





“Следчыя разгледзелі гэту праблему абсалютна незалежна і палічылі магчымым на гэтым этапе выпусціць яго з-за кратаў пад хатні арышт. Ён аплачвае сам кватэру і ўсе паслугі. Ён не бедны. Такая была ўмова. І пад гарантыі маці яго выпусцілі, маці з ім жыве і даглядае свайго сына. Яна, напэўна, вельмі добры і харошы чалавек”, — цытуе кіраўніка краіны БЕЛТА.