Лукашэнка на нарадзе па эканоміцы адмовіўся абмяркоўваць планы на пяцігодку

Палац Незалежнасці / з архіву БЕЛТА​
Палац Незалежнасці / з архіву БЕЛТА​

Аляксандр Лукашэнка сабраў у пятніцу вялікую нараду па эканоміцы з удзелам чальцоў урада і губернатараў. Усяго на сустрэчу былі запрошаныя каля 30 чалавек, паведамляў блізкі да адміністрацыі тэлеграм-канал "Пул Першага".

Гэтая ж крыніца сцвярджала, што сярод пытанняў нарады — эканамічны прагноз на наступны год і праграма на наступную пяцігодку.

Аднак Лукашэнка, адкрываючы сустрэчу, даў зразумець, што далёкасяжныя планы сёння абмяркоўвацца не будуць.

"Асаблівасць гэтай нарады ў тым, што мы не толькі падвядзем папярэднія вынікі года, але і разгледзім прагноз на год. Пра пяцігодку гаворкі сёння не будзе", — сказаў ён, перадае БЕЛТА.

Да вялікіх планаў Лукашэнка прапанаваў вярнуцца ў студзені. Сёлета, па яго словах, можна па-рознаму глядзець на вынікі працы эканомікі. Ён прызнаў, што прамысловасць "не дацягнула да ўзроўню мінулага года", знізіліся інвестыцыі, на 15% прасеў экспарт, але пры гэтым прапанаваў "паглядзець шырэй і ўсведамляць, якія надзвычайныя выклікі стаяць і чаго нам удалося пазбегнуць".

На яго думку, галоўную задачу ўсё-такі атрымалася вырашыць — захаваць фінансавую стабільнасць у банкаўскай сферы і на валютным рынку.

З нагоды прагнозаў на наступны год ён сказаў, што будаваць занадта жорсткія планы "было б неабдумана". Але тут жа абмовіўся, што дапускаць зніжэння ўжо дасягнутага ўзроўню нельга — гэта непрымальна "ні сацыяльна, ні эканамічна, ні палітычна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі