Вы тут

Лукашэнка: мы думаем, як абмежаваць інтэрнэт, каб не трапіць пад санкцыі

Аляксандр Лукашэнка падчас выступу / Еўрарадыё

Аляксандр Лукашэнка хоча абмежаваць інтэрнэт у Беларусі, але асцерагаецца санкцыяў. Пра гэта кіраўнік дзяржавы паведаміў 3 верасня на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, якая праходзіць у Мінску.

Па словах Лукашэнкі, кожная дзяржава сама вырашае, як рэгуляваць інтэрнэт. У Беларусі, маўляў, ёсць свае ўяўленні пра дапушчальныя маральныя і прававыя межы свабоды інтэрнэту. 

"Я так свабодна кажу па пытанні інтэрнэту таму, што ніхто з вас мяне не папракне, што мы хоць у чымсьці абмяжоўваем інтэрнэт у Беларусі. Хоць трэба было б. Мы пакуль не ведаем, як гэта зрабіць так, каб цывілізаванае грамадства ізноў не падвергла нас санкцыям, таму мы пакуль не чапаем інтэрнэт. Час церпіць", — прызнаўся беларускі кіраўнік.

Ён дадаў, што пазіцыя беларускіх уладаў наконт інтэрнэту выкладзеная ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, прынятай нядаўна.