Вы тут

Лукашэнка: каранцін можам увесці на працягу сутак, але што будзем жэрці?

Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі / БЕЛТА

Сельская гаспадарка — адзін з найважнейшых элементаў эканомікі, на які трэба звярнуць увагу. Асабліва важна гэта ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 7 красавіка. 

"Нафта нафтай, але яе на стол не падасі. Пытанне харчавання, як я ўжо сказаў, стаіць востра. Таму я патрабую ў самыя кароткія тэрміны завяршыць пасяўную кампанію", — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

У сваё прамове, якую паказаў тэлеканал "Беларусь 1", Лукашэнка зазначыў, што каранцін, увядзення якога патрабуюць падчас пандэміі, пагражае харчовай бяспецы краіны. "У нас тут разглагольствуюць наўкол: каранцін, каменданцкая гадзіна ды іншае. Слухайце, гэта прасцей за ўсё, гэта мы зробім на працягу сутак, але жэрці што будзем?" — абурыўся ён

Лукашэнка не першы раз так эмацыйна выказваецца наконт прапановаў увесці каранцін у сувязі з распаўсюдам каранавіруса. На яго думку, гэта ўнясе раскол у грамадства. Маўляў, хтосьці будзе хадзіць даіць кароваў, а іншыя будуць сядзець дома, але заробак плаціць давядзецца ўсім. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.