Лукашэнка гатовы адмовіцца ад крэдыту МВФ: мы ні пад каго скакаць не будзем

Лукашэнка гатовы адмовіцца ад крэдыту МВФ: мы ні пад каго скакаць не будзем

Для Беларусі непрымальна, калі замежныя крэдыты агаворваюцца дадатковымі ўмовамі, не звязанымі з фінансавай часткай. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 чэрвеня на нарадзе па мерах падтрымкі рэальнага сектара эканомікі з боку банкаўскай сістэмы.

Ён нагадаў, што Беларусі абяцалі даць па лініі хуткага крэдытавання 940 мільёнаў долараў і спытаўся, як вырашаецца гэтае пытанне.

Лукашэнка абурыўся, што некаторыя крэдыторы агаворваюць дапамогу ўмовамі, не датычнымі фінансавай часткі. "З'яўляюцца патрабаванні: вы, маўляў, у барацьбе з каранавірусам у Беларусі рабіце, як у Італіі. Я не хачу, каб, крый божа, у Беларусі паўтарылася, як у Італіі. У нас свая краіна і свая сітуацыя", — цытуе яго словы БЕЛТА.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што гатовы адмовіцца ад крэдыту МВФ. Пагатоў, што беларускім досведам у пандэмію каранавіруса зацікавіўся, па яго словах, Сусветны банк. 

"Ён гатовы нас прафінансаваць у дзесяць разоў больш, чым прапаноўваў, за тое, што мы эфектыўна змагаемся з гэтай хваробай. Нават досвед запрасіў у Міністэрстве аховы здароўя. А МВФ працягвае патрабаваць ад нас: давайце каранцін, ізаляцыю, каменданцкую гадзіну. Што за глупства? Мы ні пад каго скакаць не будзем", — дадаў Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі