Лукашэнка: для маршаў апазіцыі мы вызваляем на выходныя частку горада

Лукашэнка: для маршаў апазіцыі мы вызваляем на выходныя частку горада

На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным кіраўнік Беларусі расказаў пра маршы, якія ладзяцца ў нашай краіне. 

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што па выходных у Мінску праходзяць маршы, якім ніхто не замінае. 

"У нас у суботу марш жанчын і дзяўчат, у нядзелю — агульны марш. У суботу і нядзелю. У звычайныя дні краіна жыве звычайным жыццём. Ды і ў суботу і нядзелю частку Мінска мы вызваляем, каб людзі маглі, калі ў іх ёсць жаданне, прайсціся па гэтай частцы. Але галоўнае, і я гэта ўвесь час кажу, не пераходзіць рысу", — цытуе заяву Лукашэнкі TUT.by.

Беларускі кіраўнік паведаміў, што ёсць нейкія "чырвоныя рысы", якія пакуль што ніхто не парушаў. Таксама ён падзякаваў асабіста Пуціну і ўсім расіянам, "хто быў датычны да таго, каб падтрымаць нас у поствыбарны час".

Пра падзеі ў Беларусі ён заявіў так: "Мы не ваявалі, мы не стралялі, мы не кідаліся нават палкамі ў Беларусі, два бакі, якія супрацьстаяць".

Між тым, ужыванне светлашумавых гранатаў і вадамётаў падчас падзеяў 9-12 жніўня прызнала нават МУС. Таксама МУС прызнала, што 13 верасня ў Мінску супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў стралялі ў паветра, а ў Брэсце быў выкарыстаны вадамёт для разгону дэманстрантаў, якія спявалі песні і танчылі. 

Урок з апошніх падзеяў Лукашэнка вынес такі: "Трэба больш шчыльна трымацца са старэйшым братам і супрацоўнічаць па ўсіх пытаннях".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі