Лукашэнка: аснова пратэстоўцаў — людзі з крымінальным мінулым і беспрацоўныя

Лукашэнка: аснова пратэстоўцаў — людзі з крымінальным мінулым і беспрацоўныя

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 12 жніўня разглядалася сітуацыя ў Беларусі. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што пра такую нараду дамаўляліся яшчэ да выбараў. 

Асноўную ўвагу ён загадаў надаць эканоміцы, бо яна з'яўляецца асновай і падмуркам усяго. Лукашэнка загадаў вывучыць усіх, хто сёння не працуе, і даць ім працу. 

Пасля гэтага перайшоў да сітуацыі з вулічнымі пратэстамі.

"Аснова ўсіх гэтых так званых пратэстоўцаў — людзі з крымінальным мінулым і сёння беспрацоўныя. Няма працы, значыць, "гуляй дзядзя па вуліцах і праспектах". Таму я па-добраму прашу і папярэджваю ўсіх: уладкавацца на працу тым, хто не працуе",перадае БЕЛТА словы кіраўніка Беларусі.

Пры гэтым ён заявіў, што такое працаўладкаванне не павінна быць фіктыўным: "І хачу папярэдзіць некаторых нашых грамадзян, якія, мякка кажучы, абуржуазіліся: крый божа хтосьці камусьці будзе выдаваць ліпавыя даведкі аб працаўладкаванні. Усё павінна быць сумленна і прыстойна".

Акрамя таго на нарадзе абмяркоўваліся пытанні ідэалогіі, кадравай палітыкі і працы СМІ.

Вулічныя акцыі пратэсту ў Беларусі працягваюцца ўжо чацвёрты дзень. Колькасць пацярпелых ідзе на сотні, вядома як мінімум пра аднаго загінулага. Міліцыянты за тры дні затрымалі каля шасці тысяч чалавек. Пры разгоне акцыяў сілавікі ўжываюць святлошумавыя гранаты, гумавыя кулі, вадамёты. 11 жніўня ў Брэсце міліцыянты стралялі ў пратэстоўцаў з табельнай зброі на паражэнне. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі