Лукашэнка — аб пратэстоўцах: будзе невыносна, калі яны прыйдуць у вашы кватэры

Лукашэнка — аб пратэстоўцах: будзе невыносна, калі яны прыйдуць у вашы кватэры

На Раство Аляксандр Лукашэнка наведаў Крыжаўзвіжанскі храм у Мінску.

Ён выступіў перад прысутнымі з прамовай, у якой згадаў і беларускіх пратэстоўцаў. Пры гэтым Лукашэнка вырашыў папалохаць пратэстоўцамі.

"Таму нам трэба сабрацца, трэба супакоіцца. Не нам, якія стаяць тут. Хай той невялікай купцы, якая сёння па выхадных ходзіць па Мінску. Я ж вас папярэджваў: дрэнна, калі яны ходзяць па вуліцы, яшчэ горш, калі яны ідуць у двары, будзе невыносна, калі яны прыйдуць у вашы кватэры. Мы не павінны гэтага дапусціць", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

За ўвесь час беларускіх пратэстаў дэманстанты не занялі ніводнага будынку, нікуды не ўварваліся. Затое вядомыя выпадкі, калі міліцыя пад кіраўніцтвам цяперашняга намесніка міністра Мікалая Карпянкова выбіла шкляныя дзверы ў кавярні, каб забраць людзей, якія там хаваліся. Вядома і пра тое, як міліцыянты без ордэраў урываліся ў кватэры па вуліцы Арлоўскай пасля чарговага марша, як ладзілі аблавы ў дамах "Плошчы Перамен"...

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі захаваны міжрэлігійны і міжэтнічны мір. "Мы для ўсёй планеты, усіх краін прыкладам з'яўляемся. Няма нідзе такога міру і спакою, як у Беларусі. Няма гэтай міжнацыянальнай і міжрэлігійнай бойкі. Гэта трэба захаваць", — дадаў ён.

Міжрэлігійны мір ён таксама разумее своеасабліва. Пасля таго, як кіраўнікі асноўных хрысціянскіх канфесіяў выказалі спачуванне пацярпелым пратэстоўцам, мітрапаліт Павел страціў пасаду кіраўніка БПЦ і быў заменены на мітрапаліта Веніяміна. А кіраўнік католікаў Тадэвуш Кандрусевіч амаль чатыры месяцы не мог вярнуцца на радзіму і ўрэшце таксама быў заменены.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі