Лукашэнка — аб пастаўках харчавання ў Расію: Не перашкаджайце гандляваць

Лукашэнка — аб пастаўках харчавання ў Расію: Не перашкаджайце гандляваць

Сваю рэзкую рэакцыю на так званыя "харчовыя войны" з Расіяй Аляксандр Лукашэнка патлумачыў на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Васілём Голубевым. Па словах беларускага кіраўніка, справа не ў эмоцыях, а ў тым, што Беларусі гэта вельмі дорага каштавала. "Калі ў нас адзіны рынак, то давайце не будзем адзін аднаму падножкі ставіць", — цытуе БЕЛТА яго словы.

Калі Расіі не патрэбныя пэўныя аб'ёмы беларускай прадукцыі, то пра гэта трэба сказаць, і тады яе перанаправяць на рынкі іншых краін і рэгіёнаў, прапанаваў Лукашэнка. Але, на яго думку, расійскі рынак адчувае патрэбу ў беларускім харчаванні. "Ну, тады не перашкаджайце гандляваць. А калі мы з кімсьці канкуруем, тады трэба канкураваць. Таму што ў нас свабодны рынак. Не я ініцыятар гэтай рынкавай эканомікі. Гэта прыйшло з Расіі. І мы вымушаныя падладжвацца пад гэтую эканоміку", — абурыўся кіраўнік Беларусі.

Праблемы з пастаўкамі беларускага харчавання ў Расію, на думку Лукашэнкі, ствараюцца штучна. А пасля "мужчынскай размовы" з Пуціным на пачатку красавіка, маўляў, усе пытанні ўдалося зняць. 

Беларускі кіраўнік заявіў пра высокі ўзровень нашых прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. "Вы нават калі ў Еўропе паедзеце на падобныя прадпрыемствы — палову такіх знойдзеце. Астатнія будуць значна ніжэйшыя па узроўні. Таму да нас прэтэнзій не трэба выстаўляць", — падкрэсліў ён. 

Лукашэнка распавёў, як праходзіла мадэрнізацыя гэтых прадпрыемстваў: "Калі было нам вельмі цяжка, калі наогул па талонах раздавалі прадукты харчавання, мы тады па два-тры рублі адкладалі і мадэрнізавалі гэтыя прадпрыемствы. Яны нам праз пот і кроў дасталіся. і калі нас сёння папракаюць (ведаеце, па якіх прычынах), што у нас прадукты харчавання не тыя, то гэта ужо занадта".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі