Лагвінец: Інтэграцыя Беларусі і Расіі нясе пагрозу Польшчы, Літве і Латвіі

Лагвінец: Інтэграцыя Беларусі і Расіі нясе пагрозу Польшчы, Літве і Латвіі

Паглыбленая інтэграцыя Беларусі і Расіі можа пагражаць бяспецы Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны. Такое меркаванне выказаў палітолаг Алесь Лагвінец у інтэрв'ю выданню "Новая газета. Балтыя".

"Для Расіі Беларусь — гэта стратэгічная прастора і адносна лёгка асіміляваная рабочая сіла. Інкарпарацыя Беларусі павялічыць ваенную прысутнасць Расіі ў рэгіёне і, такім чынам, пагрозу для бяспекі нашых непасрэдных суседзяў", — заявіў Лагвінец.

20 снежня ў Санкт-Пецярбургу пройдзе чарговая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, на якой будуць абмяркоўвацца пытанні інтэграцыі Беларусі і Расіі.

Алесь Лагвінец лічыць, што беларускі бок стараецца "замарозіць" працэс збліжэння краін у межах саюзнай дзяржавы:

"Менавіта такой была і застаецца стратэгія Лукашэнкі: паабяцаць, падпісаць, атрымаць расійскую падтрымку, а потым выканаць тое, што захочацца і што не будзе пагражаць яго ўладзе. Выдатна ведаючы свайго мінскага кліента, Крэмль зараз так проста не адступіць. І мы бачым, што ужо паўтара года ідзе «падкаверная сутычка бульдогаў»".

7 снежня падчас першага раунду "інтэграцыйнага" дыялогу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не супраць інтэграцыі, але толькі "на роўных умовах". У сваю чаргу падчас прэс-канферэнцыі 19 снежня расійскі лідар намякнуў, што калі Беларусь хоча купляць газ па цане Смаленскай вобласці, то для гэтага неабходна зліццё краін у сферы падаткаабкладання, датацыйнай палітыкі і стварэнне наднацыянальных органаў —кантрольнага і эмісійнага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі