Вы тут

Ліст аднакласнікаў гімназіста, якога падазраюць у нападзенні на педагога

Добры дзень. Мы з'яўляемся аднакласнікамі Д., разам вучыліся з 5-га па 9-ы клас, а некаторыя з нас знаёмыя з ім з 1-га класа.

Мы можам яго ахарактарызаваць толькі са станоўчага боку, бо ён нават не даваў падставы думаць пра сябе інакш. Д. — таварыскі і прыязны чалавек, спагадлівы сябар і таварыш. Ён заўсёды гатовы дапамагчы і падказаць, даць слушную параду.

Да вучобы Д. ставіўся досыць адказна, з нагоды адзнак ён не хваляваўся. У яго не ўзнікала канфліктаў з настаўнікамі, аднакласнікамі і бацькамі.

З бацькамі, па словах Д., у яго цёплыя дружалюбныя ўзаемаадносіны. Бацька для яго — самы блізкі сябар, аўтарытэт і прыклад, на які ён раўняўся.

З Валянцінай Уладзіміраўнай мы знаёмыя з 6-га класа. Мы лічым, што за гэты перыяд у нас склалася ўласнае меркаванне пра Валянціну Уладзіміраўну, як пра прафесіянала ў сваёй справе і як пра чалавека.

Наш настаўнік — таленавіты выкладчык. Дзякуючы Валянціне Ўладзіміраўне, шмат у каго з яе вучняў з'явілася любоў да мовы. На кожным уроку літаратуры яна раскрывала розныя тэмы нашмат глыбей, чым гэта робяць нашы навучальныя дапаможнікі; яна вучыла нас думаць па-даросламу.

Валянціна Уладзіміраўна — чалавек настрою. Калі ў яе быў дрэнны настрой, мы былі вымушаныя думаць шаблонна, згодна з пэўным алгарытмам: спачатку распавядалі біяграфію пісьменніка, потым гісторыю стварэння таго ці іншага твора, раскрывалі яго тэму, ідэю, аналізавалі ўчынкі герояў і рабілі з гэтага свае высновы. Адыходзячы ад гэтай "схемы", адказваючы, магчыма, не тое, што яна хацела пачуць з нашых вуснаў, мы натыкаліся на мноства папрокаў і дакораў, не кажучы ўжо пра ўрокі рускай мовы, на якіх часам слухалі абразы ў наш бок.

Наш настаўнік — ня бесканфліктны чалавек, і гэта магло скончыцца паходам нашых бацькоў як да Валянціны Уладзіміраўны, так і да дырэктара. Прычынамі служылі залішняя патрабавальнасць, грубасць, выразы, якія ўводзілі дзяцей у ступар: "Схадзі да Аляксандры Іванаўны (дырэктара) і ўбачыш, каго яна абярэ: цябе або мяне", "Я не абавязаная тут працаваць з нематываванымі дзецьмі", "Вы крадзеце мой час урока і крадзеце час у разумных дзяцей". Часам з-за сарванага намі ўрока Валянціна Уладзіміраўна пакідала нас на дадатковыя заняткі пасля ўрокаў і заўсёды называла публічна прозвішчы тых, з-за каго гэта здарылася. (Варта заўважыць, што сярод гэтых прозвішчаў ніколі не гучала прозвішча Д.). Наша выкладчыца лічыла ўрок сарваным, калі адказы навучэнцаў яе не задавальнялі, мы не паспявалі прайсці той аб'ём матэрыялу, які быў ёй запланаваны, і не былі гатовыя засвоіць яго.

Таксама мы можам сказаць, што з настаўніцай у нас складваліся даверлівыя адносіны. Як прыклад, можам прывесці выпадак, калі настаўніца за два тыдні да здарэння даверыла дзецям адвезці энную суму грошай у турыстычную фірму ў іншы канец горада. (Д. быў адным з гэтых дзяцей).

На ўрокі рускай мовы і літаратуры Д. прыходзіў падрыхтаваным, з жаданнем атрымаць новыя веды. У яго не заўсёды атрымлівалася атрымаць жаданую адзнаку, аднак Д. ніколі не адчайваўся і на наступным уроку заўсёды стараўся выправіць сітуацыю. Але ніколі ён не патрабаваў і не выпрошваў адзнакі!

Д. захапляецца чытаннем, аддае перавагу навуковай фантастыцы і прыгодніцкім кнігам. Ён любіць наведваць трэніроўкі па джыу-джытсу, аднак у спарынгах ён не прычыніў фізічнага болю саперніку. З-за гэтага часцей за ўсё ён сам сыходзіў з трэніровак з траўмамі. Д. вельмі любіць жывёл і заўсёды марыў мець у сваім доме шмат чатырохногіх сяброў. Але гэта яго не адзіная мара. Ён марыць дапамагаць людзям, хоча стаць урачом.

Андрэй (імя змененае): "Д — адзін з маіх лепшых сяброў. Ён ціхі і спакойны чалавек, таварыскі, адкрыты, незлапамятны. Мы і ў футбол гулялі, і фільмы абмяркоўвалі, нават майстравалі разам. Калісьці, памятаю, ён мне самаробную падстаўку пад планшэта падарыў, а вось на мінулае 9 траўня для выступу класа зрабіў журавоў з паперы. На канікулах мы часта сустракаліся, гулялі з яго сабакамі, а потым заходзілі да яго дадому. Сям'я ў яго вельмі гасцінная. Мама — клапатлівая, добрая жанчына, бацька — майстар на ўсе рукі (Д. мне паказваў рэчы, якія яны зрабілі разам). З бацькам яны любяць глядзець кіно, спартыўныя перадачы. Д. шмат серыялаў глядзіць (у яго велізарны спіс з серыяламі вісіць на сцяне). На ўроках Д заўсёды быў дысцыплінаваным, не адцягваў увагу на нешта. Д., як мне здаецца, — чалавек, на якога варта многім раўняцца. Ён заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу".

Фотаздымак з выступу, прысвечанага 9 траўня. У руках — журавы, зробленыя Д..

Аліна (імя змененае): "Я знаёмая з Д. з першага класа. Я ведаю яго як добрага і спагадлівага чалавека. У прыклад я магу прывесці адзін выпадак: аднойчы я спатыкнулася і вельмі моцна параніла калена, а Д. давёў мяне да медпункта і даў мне тэлефон, каб я бацькам патэлефанавала. Калі я даведалася, што буду вучыцца з Д. да 9-га класа, то вельмі ўзрадавалася, я кантактавала з ім толькі ў межах школы. Апошні год я часта хварэла, прапусціла шмат урокаў. Калі я прыходзіла ў школу, то прасіла аднакласнікаў мне дапамагчы па вучобе. Д. заўсёды адгукаўся. Нядаўна, дарэчы, мы праходзілі "Героя нашага часу", і я не зразумела адно дамашняе заданне па літаратуры. Можна сказаць, ён выратаваў мяне ад дрэннай адзнакі: патлумачыў ўсё. Асабіста для мяне ён заўсёды быў, ёсць і будзе добрым чалавекам".

Віка (імя змененае): "Д. — вясёлы хлопец з добрым пачуццём гумару. Ён ветлівы, культурны. З ім цікава размаўляць. Мы нават на падрыхтоўцы да алімпіяды знаходзілі час, каб пагаварыць. На перапынках Д. прыдумляў усялякія забавы: ён прыдумаў міні-гольф з паперы, сашчэпкі і пенала :)".

Ягор (імя змененае): "Я знаёмы з Д. даўно, з першага класа, і лічу яго добрым сябрам ды і проста цікавым чалавекам. Ён любіць чытаць з самага дзяцінства і таму ведае шмат цікавага. У мінулым годзе ён быў удзельнікам нашай каманды па інтэлектуальным мнагабор'і. З Д. можна пагаварыць пра ўсё, распавесці свае сакрэты і не баяцца, што ён прагаворыцца. Яму давяраюць і дарослыя, напрыклад, калі трэба было адвезці буйную суму грошай за экскурсію ў турфірму, Д. быў сярод тых, каму гэта даверыла В.У.. Дарэчы, калі Валянціна Уладзіміраўна моцна лаялася і крычала, даставалася і Д., але ён ніколі не перажываў, да таго ж яшчэ і супакойваў дзяўчынак, падтрымліваў іх. Мне Д. распавядаў, што вельмі любіць, калі ў яго бацькі адпачынак. казаў, што тады яны могуць праводзіць шмат часу разам, гуляць з сабакамі, майстраваць што-небудзь па доме ці проста глядзець кіно. Д. нават збіраўся калі-небудзь папрацаваць на вакацыях у бацькі. Д. не быў выдатнікам, але вучыўся заўсёды добра. Не ўзгадаю, каб ён калі-небудзь казаў, што бацькі папракаюць яго за дрэнныя адзнакі. Лічыў, што ўсё можна выправіць, і ён выпраўляў.

У той дзень Д. заходзіў да Валянціны Уладзіміраўны расказаць вершы Лермантава. Яна сказала зайсці пазней

Вось і ў той дзень ён заходзіў да Валянціны Уладзіміраўны выправіць літаратуру, распавесці вершы (мы праходзілі М.Ю.Лермантава). Настаўніца сказала зайсці пазней. Ён распавядаў мне пра гэта, калі мы сустрэліся перад другім урокам, фізкультурай, у распранальні. Варта заўважыць, што Д. паводзіў сябе гэтак жа, як і заўсёды: ён быў спакойным, вясёлым. Уся вопратка на ім была сухая і чыстая. Я спытаў, што адбылося ў школе. Д. сказаў, што нешта адбылося з Валянцінай Уладзіміраўнай. Ну, па меншай меры, ён так каля нейкага кабінета пачуў, калі са стадыёна з аднакласнікам вяртаўся, толькі вось толкам нічога і не зразумеў. Калі мы размаўлялі, Д. патэлефанаваў бацька і сказаў, што Д. на кагосьці напаў. Пасля слоў бацькі ён моцна здзівіўся, быў у шоку ад пачутага, мякка кажучы. Ён адышоў па тэлефоне паразмаўляць у калідор, і больш я яго не бачыў..."

Фатаграфія зробленая на конкурсе "Інтэлектуальнае мнагабор'е"