Вы тут

Два гады таму ў Мінску адбыўся напад на настаўніцу мінскай гімназіі

Фота: onliner.by

23 траўня мінае два гады з трагедыі ў мінскай гімназіі №74. Згодна з афіцыйнай версіяй, дзевяцікласнік Данат Скакун зайшоў у клас рускай мовы і літаратуры і напаў з нажом на настаўніцу Валянціну Губарэвіч. Матывам нападу лічацца нізкія адзнакі, якія Данат атрымаў напярэдадні.

Справа Даната Скакуна расследавалася каля года. Суд цягнуўся два месяцы. Даната асудзілі на восем гадоў зняволення. Бацькі хлопца абскарджвалі прысуд у Вярхоўным судзе, але безвынікова. Зброя, якой хлопец нібыта наносіў удары настаўніцы, не была знойдзеная. Вынікі следства многія лічаць непераканаўчымі, а прысуд — несправядлівым. Уласнае расследаванне справы зрабіў былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

 

Справа атрымала грамадскі рэзананс. У “Фэйсбуку” створаная група падтрымкі Даната Скакуна, у якой публікуюцца спрэчныя моманты з матэрыялаў справы, артыкулы пра пацярпелую настаўніцу і кіраўніцтва школы. Таксама была створаная петыцыя, адрасаваная Аляксандру Лукашэнку. Яе аўтары прасілі разабрацца ў справе і дапамагчы аднавіць справядлівасць. Што праўда, Вярхоўны суд палічыў гэтыя крокі абаронцаў Даната за ціск на правасуддзе:

"Старонкі падтрымкі ў, “Фэйсбуку” і на іншых рэсурсах пачынаюцца з таго, што нехта досыць пераканаўча, на яго погляд, напісаў пост пра тое, што Данат не вінаваты. Але справа ў тым, што пытанне вінаватасці або невінаватасці вырашалася, вырашаецца і будзе вырашацца не ў “Фэйсбуку”, а судом у дарадчым пакоі, дзе няма "Фэйсбука", — заявіў на пачатку 2018 года першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч.

Пакаранне Данат адбывае ў Бабруйску. Па словах Аліны Зеневіч, маці гімназіста, хлопец заканчвае дзясяты клас (у калоніі ён атрымаў магчымасць здаць экзамены за дзявяты клас, прычым, здаў на ўсе дзявяткі) і працуе. Пра працу, якую ён выконвае, не распавядае, бо гэта закрытая інфармацыя. У вольны час стараецца чытаць. Па-ранейшаму перапісваецца з аднакласнікамі. Праз два тыдні ў Даната мог бы быць выпускны — яго сябры заканчваюць адзінаццаты клас.

Бацькі маюць права на сутачнае спатканне з Данатам раз на тры месяцы. Кароткатэрміновыя спатканні праходзяць пры наглядчыку калоніі. Апошні раз яны бачыліся паўтара месяцы таму. 

Аліна кажа, што сын трымаецца, бо гэта адзінае, што застаецца ў дадзенай сітуацыі.