Мама гімназіста Даната пра адзнакі, сям’ю, суд і параненую настаўніцу

Мама гімназіста Даната пра адзнакі, сям’ю, суд і параненую настаўніцу

23 траўня споўніўся год з моманту трагедыі ў сталічнай гімназіі №74. Столькі ж знаходзіцца ў СІЗА дзевяцікласнік Данат Скакун, прызнаны вінаватым у нападзе на настаўніцу рускай мовы. Яго прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі, але ні бацькі, ні аднакласнікі ў віну хлопца не вераць, маўляў, доказы следчых непераканаўчыя. У Вярхоўным Судзе будзе разглядацца апеляцыя прысуду, у сацыяльных сетках разгарнулася кампанія падтрымкі хлопца.

З мамай, Алінай Зянковіч, вядзем доўгую размову пра тое, які Данат, што ён любіць, пра што марыць, нават пра любімую ежу і звычкі хлопца. Натуральна, закранаем і моманты, звязаныя настаўніцай і следствам.

 

“У сям’і кепскімі адзнакамі лічыліся двойка і тройка”

 

Еўрарадыё: Як Данат вучыўся?

Аліна Зянковіч: Нармальна. Мы ўвогуле ніколі вучобу не рабілі мэтай, выдатна разумелі, што рэпетытары ― гэта нармальна, як і платная адукацыя. Ён планаваў паступаць у медінстытут, мы спакойна ставіліся да таго, што там бал вельмі высокі, і што можна вучыцца платна. Але на яго не было за што лаяцца ― Данат вучыўся на сямёркі, васьмёркі, дзявяткі, дзясяткі.

Еўрарадыё: Якая адзнака лічылася кепскай у вас у сям'і?

Аліна Зянковіч: Двойка і тройка. Калі такое здаралася, ён казаў: “Добра, я падцягну”.

Еўрарадыё: Дамашняе заданне Данат рабіў сам?

Аліна Зянковіч: Так. Да сёмага класа мы з ім сядзелі. А потым класны кіраўнік сказала, што дзеці мусяць быць больш самастойнымі. У сёмым класе мы яшчэ правяралі дамашняе заданне. А так, прыходзіш, узяў дзённік, паглядзеў, пагутарыў. “Урокі зрабіў?” ― “Зрабіў”. Заўсёды было бачна, калі нешта не так.

Еўрарадыё: Якія школьныя прадметы Данату падабаюцца?

Аліна Зянковіч: Ён любіць хімію, французскую мову, фізкультуру, само сабой, як нармальны хлопчык. У апошні час біялогію стаў выкладаць мужчына, яго ўсе дзеці любяць. Вельмі добрыя выкладчыкі па матэматыцы і па фізіцы… Я не хачу, каб Данат ішоў у медінстытут, хачу што-небудзь іншае. Але ўсе размовы дома пра гэта, пра медыцыну, таму нічога дзіўнага.

Еўрарадыё: Данат ― закрытае дзіця?

Аліна Зянковіч: Ды не. Абсалютна адкрытае. Заўсёды нам пра усё распавядаў. У нас вельмі даверныя адносіны.

Еўрарадыё: Ён меў кішэнныя грошы?

Аліна Зянковіч: Калі яго затрымалі, у яго было 400 рублёў старымі, чатыры капейкі на сёння. Мы здавалі на абеды, і ўсё. Я яго прывозіла ў школу, пасля школы ён прыходзіў да мяне на працу, і мы ехалі дадому. Яшчэ ён мог паехаць да бабулі на тралейбусе.

 

“Ён можа есці макароны раніцай, удзень і вечарам”

 

Еўрарадыё: Якую музыку слухае Данат?

Аліна Зянковіч: Гэта пытанне больш да бацькі… У іх блізкія інтарэсы.

Еўрарадыё: А якія кнігі чытае?

Аліна Зянковіч: У СІЗА прачытаў Рэмарка, Вудхаўза, амаль усяго Караткевіча, “Прыгоды бравага салдата Швейка” Гашака, Дэніэла Кіза “Кветкі для Элджэрнона”, Кена Кізі, шмат Курта Ванегута. Усіх Стругацкіх прачытаў. Любіць фантастыку. Але, на жаль, цяпер мы не можам нічога яму перадаваць. Забаронена.

Еўрарадыё: Данат паліць?

Аліна Зянковіч: Не. У нас у сям'і не паліць ніхто, гэта было б добра чуваць. Але мы да гэтага спакойна паставіліся б, бо ўсе праз гэта праходзяць.

Еўрарадыё: Якія стравы любімыя ў Даната?

Аліна Зянковіч: Макароны (смяецца)! Ён можа іх есці ранкам, удзень і ўвечары!

Еўрарадыё: А як вы праводзілі выхадныя?

Аліна Зянковіч: Мы ўвогуле былі заўсёды разам. Жывем у доме за горадам з дзядулям і бабуляй. Адзінае, бабуля і дзядуля пераязджалі ў горад на зіму. Але мы штодня заязджалі да іх. А на лета яны да нас вярталіся. У нас былі два сабакі і кот. І калі здарылася гэтая трагедыя, адзін сабака сышоў. Нам знаёмы сказаў, маўляў, ён так бяду спрабаваў знесці.

Мама гімназіста Даната пра адзнакі, сям’ю, суд і параненую настаўніцу
Данат у дзяцінстве. Фота з сацыяльных сетак

“Трэнер яго не выстаўляў на спаборніцтвы ― агрэсіі ў яго не было ўвогуле”

 

Еўрарадыё: Вы ведалі пра праблемы Даната з рускай літаратурай?

Аліна Зянковіч: Так. Напярэдадні быў бацькоўскі сход, мы ведалі пра двойкі за верш. Яны былі выстаўленыя у журнале. Мы спакойна да гэтага ставіліся. Потым прагледзелі яго дзённікі за ўсе гады, і апынулся, што ў апошняй чвэрці Валянціна Уладзіміраўна (пацярпелая настаўніца, ― Еўрарадыё), заўсёды старалася "дадушыць", а потым выстаўляла нармальную адзнаку. Такая тактыка.

Еўрарадыё: Які верш ён мусіў пераздаць?

Аліна Зянковіч: Лермантава “Как часто, пёстрою толпою окружён”. Данат яго распавядаў на псіхолага-псіхалагічнай экспертызе псіхіятару. То бок, ён яго вывучыў, добра ведаў, напярэдадні расказваў яго сяброўцы па парце Сашы, дома яго паўтараў.

Еўрарадыё: Навошта Данату былі патрэбныя заняткі джыў-джытсу?

Аліна Зянкевіч: На джау-джытсу ён пайшоў у чатыры з паловай гады. Мы хацелі, каб ён гарманічна развіваўся. У нас цудоўны трэнер, які з Данатам займаецца ад пачатку, і ён з радасцю хадзіў на заняткі. Даната аднойчы выставілі на спаборніцтвы па рукапашным баі. Яму трэба было схуднець, каб патрапіць у нейкую вагавую катэгорыю. Ён у выніку схуднеў, а хлопец, з якім яны мусілі біцца, не. Таму Данат і апынуўся пераможцам рукапашнага бою, не правёўшы ніводнага бою. Пасля гэтага трэнер яго не выстаўляў. Спартыўнай злосці ў яго не было ўвогуле. Падчас трэніровак трэнер на яго лаяўся, бо Данат не мог ударыць. Ён казаў, што сын ― мысляр, ён думае, якую тэхніку прымяніць... Казаў, што Данат нагадвае яму плюшавае мядзведзяня.

Я часта ўяўляю Валянціну Уладзіміраўну, нават па яе голасе чуваць, што яна барацьбіт, за сваё жыццё будзе змагацца. І гэтае дзіця, павольнае, як настаўніца матэматыкі казала жартам, тормаз, якому трэба падумаць. І вось чаму ўдвая большая за сына жанчына, з яе словаў, яго не адпіхнула, не супраціўлялася?

 

Храналогія падзей у гімназіі №74 раніцай 23 траўня 2016 года (па версіі абароны хлопца)

 

23 траўня 2016 года Данат прыязджае у школу, як заўсёды, яго прывозіць маці. Першы ўрок, руская літаратура, перанесены, але настаўніца запрашае ўсіх “даўжнікоў”, іх мусіць быць мінімум трое.

Згодна з нашымі суразмоўцамі, якія некалькі раз пакрокава, паводле дадзеных камеры відэаназірання і сведак, праходзілі “маршрут Даната”, падзеі разгортваюцца наступным чынам:

У 8.13 Данат заходзіць у школу. Ён падымаецца на трэці паверх, каб пераздаць верш Лермантава. Дзверы ў кабінет адкрытыя, у класе ― настаўніца рускай мовы Валянціна Уладзіміраўна разам з калегай. Данат, бачыць, што Валянціна Уладзіміраўна занятая, праходзіць міма, вырашае падысці пазней.

Адразу пасля гэтага, у 8.18 Данат сустракае настаўніцу французскай мовы. Вось што яна распавядала пра гэтую сустрэчу:

"Мы павіталіся. Я пытаю: "Чаму ты так рана, у вас жа няма першага ўрока!?". Ён кажа, маўляў, я заўсёды прыязджаю рана, мяне мама падвозіць, бо жыву далёка. Я кажу: “Дык там Ілля (аднакласнік) на другім паверсе сумуе”. Ён адказвае: "О, добра, пайду туды". Я пайшла да сябе ў клас, павярнула галаву ― яго не было, ён пайшоў у іншы бок, да Іллі”.

Па дарозе Данат падыходзіць да свайго класа на тым жа трэцім паверсе, хоча пакінуць партфель, але дзверы зачыненыя.

У 8.20 хлопец спускаецца да Іллі (час указвае Ілля). Хлопцы сядзяць, вырашаюць, што рабіць, падымаюцца ў спартзалу, каб пакінуць партфелі, (наступны ўрок ― фізкультура), дзверы там таксама зачыненыя, спускаюцца да іншага выхаду з гімназіі.

У 8.24 настаўніца рускай літаратуры і мовы тэлефануе сваёй дачцэ і паведамляе, што яе “парэзалі”. Паводле яе словаў, нападнік, Данат, наносіць удары вялікім нажом (да 30 см), сыходзіць з класа, праз пяць хвілін вяртаецца, спрабуе “дабіць” пацярпелую, якая ўгаворвае яго спыніцца, слухаецца яе, просіць нікому не расказваць, кідае акрываўлены нож у рукзак і сыходзіць (крыві ў рукзаку не знойдуць). Настаўніца застаецца сядзець за сталом і зноў тэлефануе дачцэ.

У 8.30 Данат разам з Іллём выходзяць з гімназіі.

Мама гімназіста Даната пра адзнакі, сям’ю, суд і параненую настаўніцу
Данат чакае прысуду. Фота Onliner.by

“Чыстасардэчнае прызнанне” палічылі незаконным. Але ўсё адно прысуд на яго спасылаецца”

 

Даната адвозяць у РУУС. Яго аднакласнік Ілля ўвечары таго ж дня водзіць следчых каля школы і паказвае месцы, дзе яны з Данатам гулялі, распавядае, што яны спыняліся каля труб. Пошукі зброі, у тым ліку і “каля труб”, вынікаў не даюць.

У РУУС з 11-й раніцы 23 траўня сустрэчы з хлопцам чакае адвакат Людміла Палачкіна (побач ёсць адвакатская кантора, сваякі параілі бацькам адразу наняць спецыяліста), якую пускаюць да Даната толькі пасля 18-й.

“Адвакат некалькі разоў падыходзіла і казала: “Я адвакат такога, прапусціце мяне". Ёй адказвалі, што няма ўказанняў пускаць. Тое самае і з бацькам, ― узгадвае Аліна Зянковіч. Бацька адразу быў там з Данатам. Потым, пад выглядам таго, што бацьку трэба ехаць на нейкую экспертызу, яго выставілі з РУУС. Бацька паехаў, куды сказалі. Прыязджае туды, а яму адказваюць: “Вы ўвогуле тут не патрэбны”. Ён вяртаецца назад у РУУС, а яго ўжо не пускаюць да Даната. Яны ўбачыліся толькі праз некалькі гадзін. На 20.00 планаваўся допыт. Але адвакат параіла адмовіцца ад допыту, бо хлопец быў вельмі стомлены.

Увесь час з Данатам размаўлялі. Была сітуацыя, калі бацьку сказалі, што атрымалі ад Даната прызнальныя паказанні. Але Данат адмовіў гэта. Прапанавалі паліграф. Дзіця сказала: "Тата, а нас пасля яго дадому адпусцяць? Тады пайшлі!”. Пра вынікі даследавання на паліграфе мы даведаліся толькі ў лістападзе. У справе ёсць даведка, што згодна з вынікамі даследавання, “інфармацыі, якая прадстаўляе значэнне па дадзенай крымінальнай справе, атрымана не было”.

Еўрарадыё: Гэта праўда, што ў першую ноч у РУУС непаўнагадовага Даната дапытвалі без бацькі і адваката?

Аліна Зянковіч: Так. Уначы яго падымалі вельмі шмат разоў. Адкатвалі пальцы, давалі заснуць. Падымалі зноў, размаўлялі, зноў давалі заснуць. Зноў пальцы. У гадзіну ночы нам патэлефанавалі і сказалі бацьку назаўтра з'явіцца да следчага. На раніцу яму паказалі паперку з “чыстасардэчным прызнаннем” і сказалі: "Усё гэта дзіця мусіць пацвердзіць на вiдэакамеру". Раніцай падчас сустрэчы з адвакатам цалкам узнавіць падзеі мінулага дня Данат ужо не мог. Пра ноч памятаў, што будзілі, вадзілі, размаўлялі, дыктавалі. Што напісана ў “чыстасардэчнымі прызнанні”, толкам не памятаў. Адвакат сказала, што дзіця непрытомнае, што Данат у шоку. Псіхолаг нам гэта таксама тады пацвердзіў, што адэкватных паказанняў сын даць не зможа.

Еўрарадыё: У судзе гэтае "прызнанне" разглядалі?

Аліна Зянковіч: У выніку яно было прызнана незаконным, хаця яго разглядалі чатыры дні. Пры гэтым у прысудзе ўсё адно на яго спасылаюцца, і ўся псіхолага-псіхіятрычная экспертыза грунтуецца на гэтым прызнанні.

 

“Кожны ліст пачынаецца: "Мама, тата, у мяне ўсё добра"”

 

Еўрарадыё: Што вас падчас суда больш за ўсё ўразіла ў дзіцяці?

Аліна Зянковіч: Уразіла проста само дзіця. Ён, магчыма, дагэтуль не можа паверыць у тое, што адбываецца, гэта раз, а па-другое, Данат апынуўся ў нас вельмі моцным.

Еўрарадыё: Як ён рэагаваў, калі аднакласнікі прыходзілі ў суд даваць паказанні?

Аліна Зянковіч: Гэта было вельмі кранальна. Яны дагэтуль перапісваюцца. Сябруюць. Настаўніцы распавядалі, што ён адной дзяўчынцы напісаў пасля суда: “Ты так добра выглядаеш, табе так пасуе гэтая сукенка. Не плач, усё будзе добра!". Усе рыдалі, калі гэта чыталі.

Еўрарадыё: Аліна, якія пытанні следчыя задавалі вам падчас допытаў?

Аліна Зянковіч: Калі б я ведала, што любое слова можна перакруціць... То бок, калі ты першы раз, ты распавядаеш усё, што ведаеш, што ад каго пачула. Гэта ўсё было як у тумане. Мне цяжка нешта казаць, бо мы тады былі ў шоку. Бацька дагэтуль не спіць. Я акурат 23-га траўня была ў Даната. Ён сказаў: "Мама, сёння год".

Еўрарадыё: Вы часта бачыцеся?

Аліна Зянковіч: Можна яго наведваць адзін раз на месяц. Але я магу суправаджаць бабулю і дзядулю Даната, якім за 80 гадоў, і якім таксама дазволеныя спатканні. Брата стрыечнага не пусцілі. Цётку таксама. Хаця Данат кажа, што ёсць у іх хлопцы, якім дазваляюць 13 спатканняў на месяц, уключаючы і цётак, і дзядзек, і сяброў. Не ведаю, з чым гэта звязана. Але ўвогуле, ён у нас малайчына. Кожны ліст пачынаецца: "Мама, тата, у мяне ўсё добра". Кажа, што ўсе, хто з ім сядзіць, добрыя і таленавітыя хлопцы. Ён ніколі не маляваў, але там ёсць тыя, хто добра малюе. Ён нешта перамалёўвае і дасылае нам. Кажа, што там і вершы пішуць. Адзінае, ён чытае вельмі шмат, а таго, што ёсць у тамтэйшай бібліятэцы, не хапае. Кнігі цяпер перадаваць не дазваляюць. Можна толькі падручнікі перадаць. А экзамены здаць не дазволілі. Вось і ўчора сказаў, што з гімназіі прыйшла папера, што ён зможа гэта зрабіць толькі па месцы адбывання пакарання.

Мама гімназіста Даната пра адзнакі, сям’ю, суд і параненую настаўніцу

23 тысячы долараў на жамчужыя ванны

 

Еўрарадыё: Чаму менавіта 23 тысячы долараў вы мусілі заплаціць настаўніцы?

Аліна Зянковіч: Нам быў выстаўлены іск на 50 тысяч беларускіх рублёў за маральны ўрон, за траўлю ў інтэрнэце (артыкулы былі прыкладзеныя да іску ў выглядзе ксеракопій), за фізічныя пакуты, на пластычныя аперацыі і на адваката. Суду было прад’яўлена шмат рахункаў. Сярод іх, напрыклад, рахункі за жамчужныя ванны, кансультацыі ў ЛАДЭ і наведванне пластычных хірургаў.

Еўрарадыё: Вы нічога не апратэстоўвалі?

Аліна Зянковіч: Калі за адзін дзень адхілілі ўсе нашы хадайніцтвы, калі ніхто не стаў разбірацца, што ў справе несупадзенні па часе, што экспертызы дзіўныя, што пацярпелая ўвесь час мяняе паказанні, мы зразумелі, што наша дзіця атрымае па поўнай. Пацярпелая і пракурор прасілі адзінаццаць гадоў. Магчыма, дзякуючы гэтым 23-м тысячам, мы атрымалі ўсё ж восем.

Еўрарадыё: Як перадаваліся гэтыя грошы?

Аліна Зянковіч: Перадавалі з адвакатам, атрымалі распіску, што яны перададзеныя. На перадачы з таго боку прысутнічалі, апроч адваката, пацярпелая і яе дачка.

Еўрарадыё: Як сябе пры гэтым паводзіла пацярпелая?

Аліна Зянковіч: Што робіць нам ласку.

Еўрарадыё: Вы неяк з пацярпелай звязваліся? Колькі разоў?

Аліна Зянковіч: Толькі аднойчы на Каляды. Мы проста хацелі зразумець, што адбываецца. Мы год жывем з гэтым. Мы бачым ўсе факты, мы прачыталі ўсю справу, мы былі ў судзе, але нічога не сыходзіцца.

Па інфармацыі Еўрарадыё, пасля трагедыі дырэктар гімназіі заявіла на нарадзе, што да пацярпелай цяпер у школе асаблівае стаўленне. Напрыклад, у яе, 58-гадовай пенсіянеркі, бестэрміновы працоўны кантракт і нагрузка, якую яна пажадае.

Калі будзе разгледжаная апеляцыя па справе Даната, не вядома.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі