Суседка па парце абвінавачанага Даната пра перапіску з ім і ўрокі рускай мовы

Суседка па парце абвінавачанага Даната пра перапіску з ім і ўрокі рускай мовы

Аляксандра сядзела з Данатам за адной партай апошнія тры гады. Цяпер яна перапісваецца з падазраваным у нападзе на настаўніцу рускай мовы.

“Момантаў пра гэты інцыдэнт, пра тое, як ён сядзіць, у лістах мы не кранаем, — распавядае Аляксандра. — Спачатку я адпраўляла спіс літаратуры, якую задалі. Пазней адправіла спіс кніг, якія сама рэкамендую прачытаць і пра кожную напісала каментарыі. Мы пішам пра тое, што ўвогуле адбываецца ў жыцці, як ідуць справы, як я адаптавалася на новым месцы вучобы (Аляксандра паступіла ў ліцэй). Ён падтрымлівае мяне, незалежна ад таго, у якім сам знаходзіцца стане, піша, што спачатку будзе цяжка, потым палягчэе. Даслаў віншаванні з Новым годам і Днём нараджэння. Гэта вельмі прыемна”.

Трагедыя ў гімназіі №74 здарылася 23 траўня 2016 года. У той момант Аляксандры не было ў школе. Па словах аднакласніцы, калі вучні даведаліся, што “затрыманы” Данат і яшчэ адзін аднакласнік — усе адразу падумалі на апошняга. Па словах Аляксандры, нейкіх канфліктаў у хлопца з настаўніцай ніколі не было, маўляў, Валянціна Уладзіміраўна “прэсавала” ўсіх аднолькава. Нейкіх асаблівасцяў у паводзінах Даната за некалькі дзён да здарэння таксама не назірала, “усё як заўсёды”.

 

“Ён быў "харашыстам", гэта яго ўзровень”

 

Меркаванне пра Даната за 9 месяцаў, якія ён правёў у СІЗА і падчас якіх яму выставілі абвінавачванне ў замаху на настаўніцу, у дзяўчыны не змянілася: ён не мог гэтага зрабіць, ніякія адзнакі не маглі прымусіць яго пайсці на злачынства.

“Ён разумны чалавек з добра развітымі матэматычнымі здольнасцямі, — працягвае Аляксандра. — Добра выступаў на алімпіядах, да якіх мы разам рыхтаваліся. Заўсёды дапамагалі адзін аднаму. А ўвогуле ён чалавек вельмі добры, адкрыты. Колькі разам ні сядзелі, ніколі не чула ад яго скаргаў на жыццё ці на нейкія праблемы. Бацькі не ціснулі на яго з-за адзнак. Ён быў "харашыстам", гэта яго ўзровень”.

Аляксандра — алімпіядніца, лепшая вучаніца ў класе. На уроках рускай мовы і літаратуры Саша сядзела на першай парце ля вакна — гэта шэраг, дзе настаўніца садзіла найлепшых вучняў. Данат — у сярэднім шэрагу. А ў шэрагу ля дзвярэй сядзелі “горшыя”:

“Валянціну Уладзіміраўну як настаўніка і як чалавека не асабліва любілі. Так, мы разумелі, што яна добры выкладчык, што выдатна ведае свой прадмет, што выкладае яго на высокім узроўні, але яе метады выкладання і яе асабістыя якасці нікому не падабаліся. Любімчыкамі былі алімпіядніцы — я і дзве мае сяброўкі. Натуральна, з нас і патрабавалася больш. Але былі і некаторыя бонусы. Калі мы казалі, што не падрыхтаваліся, яна нас не асабліва сварыла, у адрозненне ад астатніх”.

“Метадамі” дзяўчына называе тое, што настаўніца дазваляла сабе называць вучняў тупымі, адсталымі, казала, што не збіраецца працаваць з нематываванымі дзецьмі, што ім, апроч лёсу дворнікаў, нічога не свеціць. Найбольш стрэсавым для падлеткаў, мяркуе Аляксандра, быў шосты клас:

“Урок быў катаваннем: выстаяць, адпакутаваць, не трапіцца на нечым, а яна магла спытаць на любую тэму. Мы дрыжэлі, пацелі. І пазней калі настаўніца задавала пытанне, мы, нават калі і ведалі адказ, баяліся. А раптам не так. Сядзелі, апусціўшы вочы. Я адзіная, хто мог з ёй паспрачацца наконт твору. У шостым класе адстаяла свой голас. Я ёй даводзіла, што гэта маё меркаванне, і я маю на яго права. Мы з настаўніцай маглі весці дыялог палову ўрока”.

Цяпер Аляксандра вучыцца ў іншым месцы і вельмі гэтаму радая. Замест рускай мовы Саша абрала хімію, працягвае вучобу па гэтым профілі. Гэты выбар вучаніцы “адгукнуўся”:

“У мяне была дамова з Валянцінай Уладзіміраўнай: калі я займаю першае месца на алімпіядзе, яна адпускае мяне далей удзельнічаць у алімпіядзе па хіміі. А калі другое ці трэцяе —іду на гарадскую алімпіяду на рускай мове. Я заняла першае месца. Але мяне тузалі, выклікалі да дырэктара, упікалі за выбар хіміі. У выніку я ледзьве атрымала 9-ку па рускай”.

 

“Я змагалася за кожнае слова следчага з пратаколу. Ён перайначваў словы!”

 

На допыт па справе Даната Аляксандра хадзіла з адвакатам. Дзяўчынка распавядае, што ёй даводзілася некалькі разоў паправіць следчага, які яе словы інтэрпрэтаваў па-свойму, “нібыта пад капірку”:

“Я змагалася за кожнае слова. Ён перайначваў словы! Я прасіла паправіць — бачыла, што ён піша”.

Клас, у якім вучыліся Данат і Аляксандра, расфарміраваўся. Але сябры працягваюць пісаць хлопцу. У рэдакцыю Еўрарадыё даслалі адзін з адказаў Даната былому аднакласніку:

 

"Прывітанне. Дзякуй вялікі, што напісаў. У мяне ўсё нармальна.

Класы, натуральна, расфарміравалі неяк не зусім правільна. Напэўна, вам цяжка.

Кепска, што хварэў усе канікулы, добра, што паспеў паправіцца да школы.

Поспехаў табе на спаборніцтвах у Салігорску. Упэўнены, што зоймеш першае месца.

Яшчэ раз дзякуй, што напісаў. Перадавай усім ад мяне прывітанне".

Суседка па парце абвінавачанага Даната пра перапіску з ім і ўрокі рускай мовы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі