Лідар Hair Peace Salon выступіць з Tricky ў польскім Уроцлаве

Алег Вяль, лідар гурта Hair Peace Salon, убачыў навіну пра конкурс на старонцы Еўрарадыё і зрабіў свой варыянт песні брытанца. Tricky упадабаў версію Алега і запрасіў яго выступіць разам.



"Прыдумляць матыўчыкі на розныя мелодыі — гэта мой канёк. Гэта была першая думка, якая ўзнікла пасля прачытання матэрыялу Еўрарадыё. Ну і хацелася паглядзець, змагу я ці не. Tricky — прыгажун у плане гучання, — распавядае Алег. — Атрымалася, як мне падаецца, што мая мелодыя не перашкаджае яго мелодыі, яны дапаўняюць адна адну, а гэта галоўнае ў любой кампазіцыі".



Для ўдзелу ў конкурсе трэба было спампаваць незавершаны трэк, які запісаў Tricky, і праспяваць пад яго нешта сваё. Потым запісаны шэдэўр размясціць у адмысловую групу на Soundcloud да 1 лістапада і пазначыць, на якім з 18 канцэртаў новага еўрапейскага туру Tricky канкурсант хацеў бы пабываць.



Выступ Алега Вяля і Tricky адбудзецца 17 лістапада. Па вяртанні музыка дасць Еўрарадыё эксклюзіўнае інтэрв'ю.