Вы тут

"Тварам у асфальт": як АМАП затрымліваў джазмена Паўла Аракеляна

Павел Аракелян і Аляксей Крышталь / Еўрарадыё

У суботу, 7 лістапада, супрацоўнікі АМАП затрымалі вядомага беларускага джазмена Паўла Аракеляна. Гэта здарылася каля 19:30 у мінскім мікрараёне Малінаўка. Вечарам музыка даваў канцэрт у адным з двароў на вуліцы Ясеніна.

"Я падвозіў Пашу пасля выступу, — расказвае Еўрарадыё мінчанін Віталь А. — Мы выехалі з двара і спыніліся на скрыжаванні побач са Спартыўным цэнтрам Максіма Мірнага, таму што гарэла чырвонае святло. Раптам на нас з усіх бакоў выскачылі амапаўцы. Яны пачалі тузаць ручкі ў дзвярах і крычаць: "Зараз мы разаб'ем шкло!". Я адчыніў дзверы".

Па словах суразмоўцы, машына пакацілася і ўрэзалася ў таксоўку, якая стаяла наперадзе.

"Нас адразу паклалі тварам у асфальт, а потым запіхнулі ў срэбны бус, — працягвае Віталь. — Пашу пасадзілі на падлогу, галавой у сядзенне. Здаецца, на руках у яго былі сцяжкі. Яго спыталі, ці ёсць тэлефон. Ён адказаў, што тэлефон у рамонце.

Мяне спыталі, чаму я з'язджаў ад супрацоўнікаў, хоць я не з'язджаў. Пачалі казаць нешта пра непадпарадкаванне. Пагражалі, што ўсіх завязуць у міліцыю і аформяць. Амапаўцы мітусіліся з-за аварыі. Яны запатрабавалі ў мяне тэлефон. Калі ўбачылі, што ён кнопкавы, казалі, маўляў ня смяшы нас, давай іншы. Я сказаў, што ў мяне іншага няма. Яны спрабавалі шукаць, казалі: "Калі знойдзем — табе п ** да [будзе вельмі дрэнна. — Еўрарадыё]". Потым пыталіся, ці ведаю я музыканта. Я адказаў, што мы знаёмыя.

Мне падставілі да твару камеру і сказалі: "Кажы, што не маеш прэтэнзій да супрацоўнікаў наконт аварыі". Я сказаў, што на дадзены момант не маю. Я наогул не ведаў, што з машынай. Камеру выключылі, сказалі, што так не пойдзе. Іх было чалавек шэсць, напэўна, усё ў чорным і ў балаклавах. Я сказаў, што прэтэнзій няма. Тады мяне спыталі, ці удзельнічаў я ў мерапрыемстве? Я адказаў, што падвозіў. Потым у мяне запатрабавалі дакументы, яны былі ў машыне. Амапаўцы вывернулі мой заплечнік, там нічога не было".

Пазней Віталя вывелі з буса і сказалі, каб ён разабраўся з таксоўцам. Мужчыны вырашылі чакаць ДАІ. Сілавікі нейкі час стаялі побач, а потым з'ехалі.

Паўла Аракеляна адвезлі ў Маскоўскае РУУС, а потым у ізалятар на Акрэсціна. Паляванне на музыкаў, якія даюць канцэрты для жыхароў мінскіх двароў, працягваецца. У пятніцу, 6 лістапада, у раёне вуліцы Райніса ў рукі сілавікоў трапіў лідэр гурта "Мутнае вока" Яўген Змушка. Таксама пасля канцэрту ў Каменнай горцы 7 лістапада затрыманыя музыкі гурта "Рэха" і лідэр калектыву Андрусь Такінданг. Разам з імі быў затрыманы лідэр "Нагуаль" Леанід Паўлёнак. Як і Паўла Аракеляна, музыкаў выцягнулі з таксоўкі і павезлі ў бусе ў невядомым кірунку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.