Вы тут

Летась у Беларусі зарэгістравалі болей за 66 тысяч шлюбаў

Фота з адкрытых крыніцаў

У 2017 годзе ў Беларусі зарэгістравалі 66 215 шлюбаў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на статыстычны агляд Белстата. Для пераважнай большасць мужчын і жанчын, якія прыйшлі летась у ЗАГС, зарэгістраваны шлюб стаў першым.

Доля сямейных саюзаў, створаных з замежнікамі, нязначная —  толькі 7%, гэта звычайна жыхары краінаў СНД.

Расце сярэдні ўзрост, у якім беларусы бяруць шлюб: летась для жанчын ён склаў 25,8 года, а для мужчын —  27,9 года.

86,8% дзяцей у 2017 годзе нарадзілася ў шлюбе, у той час як у 2010 годзе іх было 80,4%. Болей за 100 тысяч жанчын летась нарадзілі дзяцей, прычым болей за палову —  другіх і пазнейшых. А болей за тысячу беларусак нарадзілі двайнятаў.

Сярэдні ўзрост жанчыны пры нараджэнні дзіця склаў 29,2 года, прычым разрыў паміж горадам і вёскай невялікі (горад —  29,5 года, вёска —  28). Статыстыка таксама фіксуе павелічэнне колькасці ўзроставых парадзіхаў —  2,3 тысячы жанчын ад 40 гадоў нарадзілі дзяцей і гэта амаль удвая болей, чым у 2010 годзе.