Лекарам "хуткай" не дазволілі забраць Латыпава з суда

Лекарам "хуткай" не дазволілі забраць Латыпава з суда

Лекарам "хуткай" не дазволілі забраць палітвязня Сцяпана Латыпава з суда Савецкага раёна ў шпіталь. Суд над ім працягнецца пасля абеду, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".

Як распавядала Еўрарадыё, Латыпаву стала кепска сёння на судзе: у яго ад спёкі і задухі падняўся ціск, пачалося галавакружэнне. Укол, зроблены мясцовым медыкам, не дапамог, таму давялося выклікаць "хуткую".

Фельчараў хуткай перад праходам у залу даглядала ахова: праверылі сумкі і абмацалі. Пад дзвярыма залы суда медыкі правялі каля 10 хвілін. Потым іх правялі праз іншы ўваход. Як адзначаюць праваабаронцы, нават адвакатка Латыпава доўгі час не ведала, што з ім адбываецца. 

У 13:15 міліцыянт у цывільным сказаў прысутным, што Латыпава пасля агляду медыкамі забралі ў лякарню. Але потым сакратарка суда заявіла, што суд працягнецца ў 14:05. 

Відавочцы бачылі, як "хуткая" ад’ехала ад будынка суда без Латыпава. 

Стала вядома, што ў палітвязня ў СІЗА №1 ёсць праблемы са здароўем. У студзені ён перахварэў на COVID-19. Два месяцы таму ў лякарні яму зашывалі шыю ад парэза, падчас чаго выявілі астаткавую пнеўманію. Таксама падчас зняволення ў Латыпава фіксавалі прыступы арытміі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі