Вы тут

Латвія гатовая пастаўляць у Беларусь нафту "з усяго свету"

Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэм'ерам Латвіі / president.gov.by

Латвія гатовая пастаўляць у Беларусь нафту "з усяго свету". Пра гэта падчас сустрэчы ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў латвійскі прэм'ер Крыш'яніс Карыньш. Ён знаходзіцца з візітам у нашай краіне, правёў перамовы з прэм'ерам Сяргеем Румасам. Падчас сустрэчы з Лукашэнкам пытанне нафты было адным з асноўных, прысутнічалі кіраўнікі Мінтранса і Белнафтахіма. Як вядома, Беларусь шукае альтэрнатыўныя варыянты паставак нафты з-за праблем з Расіяй.

Карыньш пацьвердзіў магчымасць паставак нафты ў нашу краіну праз латвійскія парты. "З аднаго боку, можна экспартаваць з Беларусі праз латвійскія парты нафтапрадукты, цытуе словы прэм'ер-міністра Латвіі БЕЛТА. — Але можна абмяркоўваць і іншую магчымасць — імпарт нафты з усяго свету праз Латвію ў Беларусь".

Па словах Крыш'яніса Карыньша, кампаніям трэба дасканала вывучыць пытанне, каб праект быў выгадны абодвум бакам. Запланаваныя кантакты з тэрміналамі, чыгуначнымі кампаніямі, якія будуць забяспечваць пастаўкі. Колькі спатрэбіцца на гэта часу, пакуль невядома. Але ўжо падчас сустрэчы з Лукашэнкам латвійскі прэм'ер заявіў, што бачыць у праекце "вялікія магчымасці для Латвіі і Беларусі". Рыга зацікаўлена ў доўгатэрміновых адносінах з Мінскам, падкрэсліў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.