Вы тут

Купалаўскі тэатр збірае для спектакля гісторыі сваіх гледачоў

Фота прадстаўлена прэс-службай Купалаўскага тэатра

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы збірае гісторыі сваіх гледачоў. Далучыцца да стварэння новай пастаноўкі да 26 лістапада можа кожны, хто падзеліцца ўспамінамі пра дзяцінства (ад маленства да 15 гадоў). Яны стануць асновай для новай рэжысёрскай працы Рамана Падалякі.

Спектакль атрымаў назву "Першы", ён будзе першай прэм’ерай на Камернай сцэне тэатра ў гэтым сезоне. Пастаноўка рыхтуецца пры падтрымцы кампаніі А1, як і іншая гучная прэм'ера Купалаўскага — "Радыё "Прудок" па п'есе Андрэя Горвата.

Сёлета найстарэйшы тэатр нашай краіны распачаў свой 100-ы сезон. Але дагэтуль не было дакументальнага спектакля, заснаванага на рэальных гісторыях людзей — акцёраў і гледачоў. Над тэкстам працуюць Раман Падаляка і Міхаіл Зуй. Яны чакаюць лісты, аўдыё ці відэа з расповедамі пра нейкія асаблівыя моманты са свайго дзяцінства на пошту [email protected].

"Хочацца зрабіць шчыры спектакль пра людзей і для людзей — амаль на мяжы з рэальнасцю..., — кажа Падаляка. — Усё тое, што засталося ў памяці: стасункі з бацькамі, дзіцячае каханне, першыя крыўды і здрады, святы, вясёлыя выпадкі. Мы паспрабуем даследаваць менавіта такія моманты... Каб зразумець тую матрыцу, з якой складаецца чалавек, трэба вярнуцца ў яго дзяцінства".

Аўтары ўспамінаў, што будуць адабраныя для спектакля, атрымаюць запрашэнні на прэм’ерныя паказы, запланаваныя на студзень 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.