Ксёндз Завальнюк ужо не пробашч мінскай парафіі святых Сымона і Алены
![Юзаф Станеўскі і Уладзіслаў Завальнюк](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-07/2024-07-26-kuria-20240726-002.jpg.webp?itok=PudFkBxA)
Юзаф Станеўскі і Уладзіслаў Завальнюк / catholic.by
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк ужо не пробашч мінскай парафіі святых Сымона і Алены. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прызначыў замест яго ксяндза Францішка Рудзя, паведамляе catholic.by.
Адзначаецца, што звальненне Завальнюка адбылося "у сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, у адказ на скіраваную ад яго просьбу". Яму надаецца тытул “эмэрыт”. Ксёндз звальняецца з пасады дэкана дэканата Мінск-Захад Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На яе прызначаны згаданы ксёндз Рудзь. Ксёндз Юрый Санько звольнены з пасады адміністратара парафіі святых Сымона і Алены і дэканата Мінск-Захад.
Раней Францішак Рудзь быў пробашчам парафіі ў Будславе. У красавіку ён быў прызначаны біскупскім вікарыем па справах будаўніцтва і рамонта сакральных будынкаў, што належаць і знаходзяцца ў карыстанні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У ліпені парафіяне Чырвонага касцёла (парафіі святых Сымона і Алены) звярнуліся да першай намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч з просьбай дапамагчы вярнуць храм. Касцёл забралі ў вернікаў два гады таму. На рашэнне Мінгарвыканкама храм быў закрыты і апячатаны. У чэрвені 2024-га заяўлялася, што рэканструкцыя Чырвонага касцёла не пачынаецца праз "недапрацаваную дакументацыю".
![Ксёндз Завальнюк ужо не пробашч мінскай парафіі святых Сымона і Алены](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/2024-07-26-Kuria-20240726-003.jpg.webp?itok=mhIndvLj)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.