Вы тут

Крэатыў альбо здзек? Як польскі плакат пра Брэсцкую крэпасць падзяліў беларусаў

binkl.by

У Брэсце праходзіць выстава плакатаў Cześć Brześć. Аўтары прац — польскія студэнты-дызайнеры з Акадэміі мастацтваў у Катавіцах. Спрэчкі выклікала толькі адна з іх — плакат Яанны Лядворух. Ён уяўляе сабой поп-артавае разважанне над помнікам з мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць”. Герой манумента “Мужнасць” размаляваны ў яскравыя колеры, пасміхаецца ды робіць фота свайго твару ў сонечных акулярах.

“Плакаты, распрацаваныя студэнтамі Акадэміі мастацтваў, раскрываюць гістарычныя зменлівасці, культурнае змешванне, якія ствараюць ідэнтычнасць горада на працягу стагоддзяў”, — апісваюць выставу арганізатары. “Гістарычную зменлівасць”, якую паказала Яанна Лядворух, шматлікія брастаўчане палічылі здзекам і сцёбам з памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

Што кажа пра сваю працу сама польская дызайнерка, што ў гэтым плакаце так абурыла брастаўчан і як ацэньваюць плакат вядомыя рэкламіст і дызайнер з Мінска — чытайце ў матэрыяле Еўрарадыё.

 

“Я не бывала ў Брэсце. Але шмат гугліла і кансультавалася з выкладчыкамі”

“Я не бывала ў Брэсце. Шмат гугліла і кансультавалася з выкладчыкамі. У пошуках натхнення наткнулася на фота гэтага помніка. І вырашыла "ажывіць" яго. Грозны выраз твару абаронцы выглядае страшным. Я хацела адаптаваць яго да сённяшняга часу, у якім мы часта маем зносіны з дапамогай сэлфі ў сацыяльных сетках”, кажа пра сваю працу сама аўтарка. 

Аднак “адаптаванне да сённяшняга дня” многія карыстальнікі інтэрнэту ўспрынялі негатыўна: 

“Хай гэты "дызайнер" пасцябецца над канцлагерамі, якіх на тэрыторыі Польшчы было нямала, ці генацыдам габрэяў, Галадаморам, знішчанай Варшавай. Моладзь наогул бесталковая пайшла, тут справа нават не ў палітыцы, а ў самай малай павазе мёртвых і тэме вайны…”

“Плакат супер, але... Пры ўсёй маёй нелюбові да савецкасці, да ідэалагізаванага пафасу з абаронай крэпасці і да гігантаманіі, якую маем у Мемарыяле, я асабіста таксама не ўпэўнены, што сцёб над памяццю тых простых савецкіх салдат усё ж дарэчны”. 

“Мне таксама не спадабалася. Памяць жаўнераў, якія загінулі на вайне, — рэч, прынамсі для нашага рэгіёна, — сакральная. Нават мне такі малюнак падаецца недарэчным”.

Паміж тымі, каму плакат спадабаўся, і тымі, каму — не, у каментах пачаліся віртуальныя баталіі. Тэма для брастаўчан, сапраўды, сакральная.  

 

“Хай бы весела размалявалі крыжы ў Курапатах”

 

Ці можа помнік з Брэсцкай крэпасці рабіць сэлфі? Сваё меркаванне наконт гэтага  Еўрарадыё выказалі рэкламны кансультант Юля Ляшкевіч і дызайнер, які працуе пад псеўданімам Wiecier Mechaniczny

Па словах Юлі, плакат зроблены якасна, але тым не менш з’яўляецца недарэчным. 

 

“Як бы там ні было, гэта помнік загінулым людзям. Тыя, хто лічыць гэта прыкольным, не знайшлі б прыкольным, калі б нешта падобнае зрабілі з помніка старому ў Хатыні толькі таму, што ён больш трагічна выглядае. Альбо калі б весела размалявалі крыжы ў Курапатах і напісалі: “Эге-гей, 70 год Курапатам!”.

Негатыву дадае і тое, што гэты плакат зрабіў замежнік, працягвае Ляшкевіч.

“Гэта як з показкамі: калі мы можам самі жартаваць з сябе, але будзем крыўдаваць, калі нехта будзе жартаваць пра нас. Я думаю, што палякі таксама б неадназначна аднесліся, калі б беларускі аўтар размаляваў помнік паўстанню ў Варшаўскім гета”.

 

“Не разумею, хто і што за гэтым бачыць катастрафічнага?”

 

А вось дызайнер Wiecier Mechaniczny зусім іншага меркавання пра работу полькі.

“Непасрэдна дызайн работы я каментаваць не буду — гэта густ аўтаркі. А сама ідэя нармальная. Лічу, што гэта цалкам дапушчальна. Няма такой творчасці, якая была б даспадобы ўсім. Творчасць, наадварот, павінна прыцягваць увагу і ў “плюсах”, і ў “мінусах”. І я ўвогуле не бачу розніцы ў тым, полька гэта зрабіла ці беларуска”.

Прэтэнзіі абураных брастаўчан, на думку дызайнера, прыцягнутыя за вушы. 

“Я не бачу тут нічога дрэннага. Яна хіба сказала, што гэта была нявартая перамога? Не разумею, хто і што за гэтым бачыць катастрафічнага? Ці яна сказала, што гэтай перамогі не існавала? Ці што ніхто не абараняў гэтую крэпасць?”

Wiecier Mechaniczny кажа, што спрэчка, якая ўзнікла вакол плаката, для аўтара — гэта ўжо перамога: чым больш праца абмяркоўваецца, тым для яго лепш. Дызайнер упэўнены, што злога намеру Яанна дакладна не мела.  

Ва ўсёй гэтай сітуацыі радуе, што ў дзяржаўнай установе абурэнне асобных брастаўчан не раздзялілі: супрацоўнікі выставачнай залы работу ўсё ж такі выставілі. І магчыма, што спрэчкі не прывядуць да таго, што плакат здымуць да 11 жніўня — канца выставы.