Крама Symbal.by канчаткова зачыняецца

З фасада, дзе размяшчалася крама, здымаюць шыльды / Symbal.by​
З фасада, дзе размяшчалася крама, здымаюць шыльды / Symbal.by​

Легендарная крама Symbal.by, якая прадавала кнігі, адзенне і сувеніры з нацыянальнай сімволікай, канчаткова зачыняецца.

"Нам цяжка пра гэта пісаць, але з сакавіка афлайн-і анлайн-крама Symbal.by канчаткова спыняе сваю працу на нявызначаны тэрмін", гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце праекта.

Усе падзеі, якія адбываліся апошнія 8 месяцаў вакол кампаніі, прывялі да таго, "што мы больш не можам арандаваць памяшканні для далейшай камерцыйнай дзейнасці ў любых фарматах і ўтрымліваць ранейшы штат супрацоўнікаў". Без працы застаюцца 11 чалавек.

Нагадаем, афлайн-краму давялося зачыніць яшчэ ўлетку — праз павышаную ўвагу да праекта разнастайных ведамстваў. Перад закрыццём ля крамы выстройваліся вялізныя чэргі ахвочых падтрымаць Symbal.by і набыць тут што-небудзь. Улады расцанілі гэтыя чэргі як масавую акцыю, пакупнікоў затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

Канфіскаваны тады тавар — футболкі і сцягі — уладальнікам крамы так і не вярнулі. Праблемы з таварам узнікалі і пазней, калі крама працавала толькі ў анлайн-фармаце. Частка пасылак, якія ішлі за мяжу, бясследна знікла на мытні: іх не выпусцілі з краіны і не вярнулі адпраўніку.

У студзені ў краму прыйшла фінансавая міліцыя: былі затрыманыя чацвёра супрацоўнікаў, а ўвесь тавар, тэхніка і дакументы кампаніі канфіскаваныя.

"На дадзены момант розныя дзяржорганы ўтрымліваюць нашы тавары і рэчы на агульную суму больш чым 50 тысяч рублёў. Пры гэтым не паведамляючы пра іх далейшы лёс і статус", — адзначылі ў краме.

Аўтары праекта прызнаюцца, што "не бачаць сэнсу працягваць працу ў цяперашніх умовах". Але пры гэтым лічаць сваю місію на дадзены момант збольшага выкананай. Symbal.by ствараўся для папулярызацыі нацыянальных сімвалаў, і за сем гадоў працы ўдалося даказаць, што "ёсць у беларусаў свая мова, свая гісторыя і свае сімвалы, якія па-сапраўднаму любяць, паважаюць і гатовыя за іх змагацца".

У Symbal.by таксама вераць, што з часам краму ўдасца адрадзіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі