Кіраваць знешняй палітыкай ЕС будзе польскі міністр Сікорскі?

Вясной наступнага году беларусы будуць абіраць мясцовых дэпутатаў, літоўцы — прэзідэнта, а еўрапейцы — еўрапарламентарыяў. І менавіта апошнія выбары могуць апынуцца найбольш значнымі для… Беларусі. Справа ў тым, што следам за Еўрапарламентам зменіцца і Еўракамісія. У тым ліку і людзі, якія адказваюць за знешнюю палітыку ЕС ды стасункі з нашай краінай, — Штэфан Фюле і Кэтрын Эштан.

                                   Штэфан Фюле



Як стала вядома Еўрарадыё, самай верагоднай кандыдатурай на пасаду кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Еўрасаюза сёння называюць міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. Чым гэта прызначэнне можа “пагражаць” Беларусі?



На думку міжнароднага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, такое прызначэнне моцна адаб’ецца на ўсёй знешняй палітыцы ЕС.



Раман Якаўлеўскі: “Калі будзе знешнепалітычнае ведамства Еўрасаюза ўзначальваць Сікорскі, то больш энергіі будзе дададзена ўвогуле знешняй палітыцы Еўрасаюза, якой сёння адзінай няма — яна так, каардынуецца. І, безумоўна, гэта тычыцца і ініцыятывы “Усходняе партнёрства”.

                                                          Раман Якаўлеўскі



Паводле слоў Якаўлеўскага, сёння сярод еўрачыноўнікаў бракуе яркіх палітыкаў, імёны і дзеянні якіх вядомыя пераважнай большасці людзей. Выключэнне — дзеючы камісар па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Штэфан Фюле. Беларусам ён вядомы па прапанаваным ім “Дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі”, украінцам — па “матрыцы Фюле”… Радаслаў Сікорскі, сцвярджае кіраўнік “Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі” Андрэй Ягораў, “злеплены з таго ж цеста”.



Андрэй Ягораў: “Сікорскі — падобная яркая фігура. Магчыма, часам ён робіць дзіўныя і рызыкоўныя крокі, кажа не вельмі дыпламатычныя рэчы, але яму нельга адмовіць у ініцыятыве дзеяння. Яму нельга адмовіць у яркасці і экспрэсіі, якой сёння нестае існуючаму еўрапейскаму лідарству. Мяркую, калі ён зойме месца Эштан, то гэта будзе больш цікавая сітуацыя знешняй палітыкі Еўрасаюза, чым яна ёсць сёння. Асабліва калі сыходзіць Фюле”.

                                                       Андрэй Ягораў



Яшчэ адна навіна, якая стала вядома Еўрарадыё: верагодна, што ў абноўленай Еўракамісіі пасады Высокага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы, якую зараз займае Кэтрын Эштан, і камісара па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства будуць аб’яднаныя. І будучы адказны за знешнюю палітыку Еўрасаюза будзе сядзець на адным “пашыраным” крэсле.

                                                Радаслаў Сікорскі



Такое прызначэнне, ды яшчэ і з пашыранымі паўнамоцтвамі, сцвярджае Якаўлеўскі, будзе вельмі непрыемнай навіной для афіцыйнага Мінска. Нагадаю, менавіта “пазіцыяй, якую займае польскі істэблішмент у адносінах да Рэспублікі Беларусь”, тлумачыў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Андрэй Савіных адмову беларускіх уладаў падпісваць пагадненне аб малым памежным руху з Польшчай. Праўда, дадае Якаўлеўскі, гэта прызначэнне не падштурхне беларускія ўлады да такіх крокаў, як, да прыкладу, выхад з ініцыятывы “Усходняе партнёрства”. Нягледзячы на тое, што пасля выбараў можа ўзмацніцца фракцыя прыхільнікаў дэмакратызацыі Беларусі ў Еўрапарламенце.



Раман Якаўлеўскі: “Там, магчыма, з’явіцца спадар Квасьнеўскі (былы прэзідэнт Польшчы. — заўв. Еўрарадыё) — яшчэ адна не чужая для Беларусі фігура. Увогуле, хацеў бы адзначыць, што польская дэлегацыя, як і літоўская, у Еўрапарламенце вельмі актыўная наконт беларускіх пытанняў”.



І гэтая актыўнасць, падтрыманая “польскім” кіраўніком знешнепалітычнага ведамства ЕС, можа значна ўзмацніцца ў будучыні.



У Польшчы дакладнай інфармацыяй наконт будучыні Радаслава Сікорскага не валодаюць, сцвярджаюць мясцовыя палітолагі. Паводле іх слоў, нібыта ў Еўракамісію пойдзе цяперашні прэм’ер-міністр Дональд Туск, а Радаслаў Сікорскі — у NATO. Але не выключаюць, што ў самога міністра замежных спраў могуць быць іншыя амбіцыі. І пасада кіраўніка знешнепалітычнага ведамства ЕС — менавіта ў іх рэчышчы.

Фота: Змітра Лукашука, reporter.vesti.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі