Ці гатовыя Польшча і Літва ўвесці “аднабаковы” малы памежны рух?

121115_eurafokus.mp3

Пачаць рэалізацыю пагаднення аб малым памежным руху прапанаваў Польшчы і Літве лідар АГП Анатоль Лябедзька. Не чакаючы Беларусі. Нават адпаведныя звароты прэм’еру Літвы Андрусу Кубілюсу і Польшчы Дональду Туску накіраваў. Але амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка скептычна ставіцца да гэтай ідэі.


Лешак Шарэпка: “Гэта немагчыма. Справа ў тым, што гэтыя людзі (жыхары 50-кіламетровай памежнай зоны — Еўрарадыё) павінны атрымаць пэўныя дакументы. І калі мы ўвядзём гэта ў аднабаковым парадку, то беларускі бок, напэўна, не будзе прымаць да ўвагі гэтыя дакументы. Так што, гэта не мае сэнсу”.



Кіраўнік прэс-службы беларускага Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, кажа, што для беларускіх памежнікаў галоўнае — наяўнасць дзейнага пашпарта. Ні “шэнген”, ні гэты адмысловы дакумент-пропуск іх не цікавяць.


Аляксандр Цішчанка: “Віза — гэта падстава для ўезда ў краіну. Наяўнасць візы суседняй дзяржавы — гэта не наша пытанне. Гэта пытанне і задача памежнікаў той краіны, куды ўязджаюць”.


З Латвіяй дамова аб малым памежным руху ужо працуе. Яно дае права жыхарам 50-кіламетровай памежнай зоны без візы наведваць суседнюю краіну. І знаходзіцца на яе тэрыторыі не больш за 90 дзён цягам 6 месяцаў. Атрымліваецца, што калі Польшча прыме рашэнне, то супрацьдзейнічаць выезду жыхароў 50-кіламетровай зоны ў суседнюю краіну ў нашых уладаў сёння законных падстаў няма. Калі толькі памежнікаў нечакана не абавяжуць правяраць наяўнасць у “турыстаў” візы і заварочваць.


Выглядае, што рашэнне аб аднабаковым увядзенні ў дзеянне малога памежнага руху — больш палітычнае. Тут — нежаданне пакрыўдзіць як суседа, так і сваіх грамадзян. Бо ў такім выпадку палякі і літоўцы з памежных тэрыторый права без візы ездзіць у нашу краіну мець не будуць.


Са слоў Аляксандра Цішчанкі вынікае, што апошняе можна лічыць вельмі важкім аргументам “супраць” такога аднабаковага рашэння.


Аляксандр Цішчанка: “З нашага боку гэтым правам (без візы наведваць Латвію — Еўрарадыё) пажадалі скарыстацца ўсяго толькі 400 чалавек. А з боку Латвіі — каля 6 тысяч”.


Як раней паведамляла Еўрарадыё, перамовы аб ўвядзенні малога памежнага руху з Польшчай пачаліся некалькі гадоў таму. У 2010 годзе польскі бок цалкам зацвердзіў і ратыфікаваў адпаведную дамову. Па словах Лешака Шарэпкі, беларускі варыянт дамовы таксама ўжо падпісалі ўсе, нават кіраўнік краіны. Але да абмену зацверджанымі варыянтамі справа так не дайшла.


Лешак Шарэпка: “Мы некалькі разоў пыталіся ў беларускага бока: “У чым праблема? Чаму ў вас гэты працэс затармазіўся?” І нам казалі адкрытым тэкстам, нават кіраўнік Дэпартамента консульскай службы спадар Астроўскі, што гэта звязана з палітычнымі пытаннямі”.


Недзе “заглух” малы памежны рух і з Літвой. Тут таксама вінаватая палітыка?


“Мы назапашваем вопыт прымянення пагаднення з Латвіяй. Да канца года, мяркую, мы гэты працэс завершым. Пасля чаго на павестцы дня будзе пытанне памежнага супрацоўніцтва з Літвой. Гэта пытанне будзе разглядацца на пачатку наступнага года. Пытанне наконт Польшчы пакуль не стаіць у павестцы дня — ёсць апасенні, звязаныя з пазіцыяй, якую займае польскі істэблішмент у адносінах да Рэспублікі Беларусь”, — тлумачыць Еўрарадыё прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных.


Размаўляць на тэму рэалізацыі Польшчай і Літвой у аднабаковым парадку пагаднення аб ільготным перасячэнні мяжу для людзей, Савіных адмаўляецца.

Фота: Змітра Лукашука, http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі