Беларускія памежнікі ўратавалі Еўропу ад “Тамільскіх тыграў”

121017_luka6uk_mjazga.mp3

Беларускія памежнікі перасталі “адсейваць” нелегалаў, якія ідуць транзітам у Еўрасаюз. “Навошта нам гэта трэба? Яны ж не да нас ідуць”, — гаворыць Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для журналістаў з расійскай глыбінкі.

Няўжо беларускія памежнікі наўмысна “не заўважаюць” нелегалаў, якія ідуць у ЕС? Кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка на лічбах даказвае, што гэта не так.

Аляксандр Цішчанка: “У сярэднім 15 тысяч выяўляецца толькі патэнцыйных нелегальных мігрантаў у год. Гэта тыя, у каго чужыя дакументы, падробленыя дакументы, без дакументаў і гэтак далей. І за апошні час гэтая лічба вырастае ў паўтара-два разы”.

Паводле слоў памежніка, праз нас ідуць самыя баявыя. Нават "Тамільскія тыгры" спрабавалі перайсці беларуска-еўрасаюўзаўскую мяжу. Не атрымалася.

Аляксандр Цішчанка: “Гэта сяляне і дэкхане каля мяжы (паўднёвай мяжы ЕС. — Еўрарадыё) “пхнуцца”. А тыя, у каго грошы ёсць і вопыт баявых дзеянняў, яны абіраюць больш цывілізаваны накірунак. Ён у баржу з астатнімі рабамі не сядзе. Таму праз наш кірунак пачынаюць ісці зусім іншыя — летась нават “Тамільскія тыгры” з баявым вопытам ішлі. І калі мы і нашы суседзі не адумаемся, у першую чаргу — нашы суседзі, то хто тут будзе што стрымліваць? Чым стрымліваць?”

Маўляў, беларускія памежнікі сваю справу робяць, але каб межы Еўрасаюза ахоўваліся лепш, неабходны грошы. Трэба набраць больш супрацоўнікаў, апрануць, забяспечыць мяжу абсталяваннем і тэхнікай. Ну, і каб затрыманых нелегалаў было на што ўтрымліваць і высылаць на радзіму.

Прэс-сакратар літоўскай Памежнай службы Гедрыюс Мішуціс упэўнівае Еўрарадыё, што літоўскую мяжу не знеслі натоўпы нелегалаў з боку Беларусі. Зменаў ні ў горшы, ні ў лепшы бок з нелегаламі літоўцы не заўважаюць, "падобная сітуацыя была летась, і зараз такая самая".

Гедрыюс Мішуціс: “Сёлета найбольшая колькасць нелегалаў — гэта грамадзяне Грузіі. І з пачатку года іх ужо назбіралася 250. Большасць з іх былі затрыманыя менавіта на мяжы з Беларуссю, калі нелегальна спрабавалі прайсці праз мяжу. А на мінулым тыдні затрымалі групу в'етнамцаў з 8 чалавек. В’етнамцаў ужо назбіралася больш за 70. Афганцы, вядома, ёсць. Але падобная сітуацыя была летась, і зараз такая самая”.

На мяжы з Польшчай сітуацыя таксама не крытычная. Праўда, Еўрарадыё зафіксавала рост колькасці затрыманых нелегалаў. Згодна са звесткамі Памежнай службы Польшчы, у 2011 годзе было затрымана 196 нелегалаў, якія перайшлі беларускую мяжу, а за першую палову 2012 года — ужо  201 чалавек. Гэтак будзе ўдвая больш!



“Там канцлагеры запоўненыя, як яны кажуць, афганцамі, чачэнцамі, каўказцамі. Мне тэлефануюць з гэтай нагоды”, — скардзіцца Лукашэнка расіянам. Паводле прэс-сакратара літоўскай Памежнай службы Гедрыюса Мішуціса, як летась, так і сёлета ў Цэнтры нелегалаў і ўцекачоў жывуць ад 150 да 200 чалавек. Гэтыя людзі чакаюць, пакуль альбо іх дэпартуюць, альбо дадуць ім палітычны прытулак. Але пры чым тут Беларусь?

Гедрыюс Мішуціс: “У Пабрадзе знаходзіцца наш цэнтр (для нелегалаў і ўцекачоў. — Еўрарадыё). Усе нелегалы там жывуць да таго часу, пакуль мы не вырашым усё з дакументамі, каб іх выслаць з Літвы ў краіну, адкуль яны паходзяць”.

Як даведалася Еўрарадыё, Еўракамісіяй за дзесяць гадоў было выдаткавана больш за 50 мільёнаў еўра ў рамках праекта ў сферы кіравання межамі ў Беларусі. Бліжэйшым часам будзе яшчэ каля 40 мільёнаў еўра. Амаль 11 мільёнаў еўра было выдаткавана на рэканструкцыю пункта пропуску “Пясчатка” на беларуска-польскай мяжы. І гэта не ўсе грошы, праграмы  і праекты, якія фінансуе ЕС у Беларусі.

Фота: http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі