КДК: Віктар Бабарыка кіраваў супрацьпраўнай дзейнасцю (відэа)

КДК: Віктар Бабарыка кіраваў супрацьпраўнай дзейнасцю (відэа)

Прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыку затрымалі як арганізатара супрацьпраўнай дзейнасці. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель.

"Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што з'яўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў", — паведаміў ён.

Па словах Церцеля, вядзецца расследаванне па некалькіх напрамках. Найперш, заявіў ён гэта аперацыі з вэксалямі на суму больш за 600 мільёнаў долараў, у выніку якіх чальцы групы вывелі буйныя сумы валюты на замежныя рахункі. 

"Намі выяўленыя "адмывачныя" схемы, па якіх ажыццяўляўся вывад у замежныя банкі вялікіх сум валюты на падкантрольныя структуры. У прыватнасці, адной з такіх структур з'яўляўся латвійскі банк ABLV. Згодна з данымі, якія мы атрымалі ад нашых латвійскіх калег, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банка на яго рахункі з рахункаў "Белгазпрамбанка" было выведзена звыш 430 мільёнаў долараў ЗША", — паведаміў старшыня КДК. 

Таксама задакументаваныя шматлікія факты атрымання хабару службовымі асобамі банка прадпрымальнікам і асобам з так званай "кепскай крэдытнай гісторыяй". 

"Выяўлена таксама датычнасць шэрага службовых асоб да арганізацыі схем, звязаных фактычна з прымусам грамадзян да атрымання крэдытаў на сваё імя з далейшай перадачай ім грашовых сродкаў і забеспячэннем гэтымі сродкамі грамадзян за адсоткі", — закончыў Церцель пералік падрабязнасцяў расследавання. 

У Telegram-канале ATN_NEWS паведамляецца, што па "справе Белгазпрамбанка" затрыманыя каля 20 чалавек. "Практычна ўсе яны супрацоўнічаюць са следствам і даюць прызнальныя паказанні ў дачыненні да Бабарыкі як арганізатара злачыннай схемы. Беларускія праваахоўнікі зараз супрацоўнічаюць з калегамі з 18 краін, накіраваныя адпаведныя запыты, у тым ліку і ў ЗША, краіну-лідар па барацьбе з адмываннем грошай", — гаворыцца ў паведамленні.

Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда затрымалі зранку 18 чэрвеня. На мінулым тыдні ў "Белгазпрамбанку", якім раней кіраваў Бабарыка, і шэрагу іншых кампаніяў прайшлі ператрусы. Дэпартамент фінансавых расследаванняў пачаў крымінальную справу за ўхіленне ад выплаты падаткаў і легалізацыю сродкаў, атрыманных незаконным спосабам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі