Вы тут

КДБ: Шуневіч не з'яўляецца фігурантам ніводнай справы, якую расследуе ведамства

Ігар Шуневіч / Еўрарадыё

У справах, якія расследуе Камітэт дзяржаўнай бяспекі, былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч не фігуруе. Пра гэта афіцыйны прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш заявіў у каментары Радыё "Свабода".

Звесткі пра магчымае затрыманне экс-міністра з'явіліся на выходных. Паведамлялася, быццам Шуневіча затрымалі ў сувязі з цукровай справай, як і былога начальніка аднаго з упраўленняў ГУБАЗік МУС Уладзіміра Ціхіню. 

"Ігар Шуневіч не з'яўляецца фігурантам ніводнай крымінальнай справы, якая на гэты момант знаходзіцца ў працы следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі", — пракаментаваў гэтыя звесткі Андрэй Яраш.

У МУС і Следчым камітэце звесткі пра магчымае затрыманне Шуневіча пацвердзіць не змаглі.

Нагадаем, што па цукровай справе затрыманыя дырэктары ўсіх цукровых заводаў краіны. Іх вінавацяць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Вядома, што затрыманыя наступныя асобы:

дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч;

дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбіната Мікалай Пруднік;

дырэктар Жабінкаўскага цукровага завода Віктар Міронаў;

дырэктар Скідзельскага цукровага завода Дзмітрый Ягораў;

былы намеснік кіраўніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Уладзімір Ціхіня;

дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрый Кірылаў;

заснавальнік расійскай кампаніі "Палімер" Сяргей Кананенка.

Дакладная колькасць затрыманых па "цукровай справе" невядомая. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.