Кандыдат ад БХД, які другі раз запар выйграў выбары: Улады мяне “прашчоўкалі”

Кандыдат ад БХД, які другі раз запар выйграў выбары: Улады мяне “прашчоўкалі”

Другі раз запар дэпутатам Першамайскага сельсавета Бярозаўскага раёна становіцца сябра аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя Валерый Білібуха. За звычайнага вальшчыка лесу і гэтым разам прагаласавала большасць выбаршчыкаў, нягледзячы на тое, што супраць яго ішоў мясцовы ветэрынар. Як здабыць перамогу на беларускіх выбарах, Валерый Білібуха расказвае ў інтэрв’ю Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Вы другі раз запар выйгралі выбары ў сельсавет ― падзяліцеся сакрэтам поспеху.

Валерый Білібуха: Сакрэта тут ніякага няма: калі я першы раз балатаваўся, то ніякім чынам не афішаваў сваю прыналежнасць да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Мясцовыя ўлады мяне “прашчоўкалі” ― яны не ведалі, з кім я супрацоўнічаю і хто ў мяне калегі. Пазней мая палітычная прыналежнасць стала вядомая ўладам, і яны зрабілі ўсё, каб я больш у дэпутаты не прабіўся. Мне і ладзіць сустрэчы перашкаджалі, і канкурэнта мне падабралі, хоць ні ў каго больш у іншых акругах канкурэнтаў на выбарах у мясцовыя саветы не было, і брудам мяне на старонках мясцовай “раёнкі” палівалі. Але тое, што я папярэднія чатыры гады не сядзеў, а шмат працаваў і шмат зрабіў для мясцовых людзей, дало свае вынікі.

Еўрарадыё: А чым вы так мясцовым уладам перашкаджаеце, што яны вас нават у сельскі савет дэпутатаў пускаць не хацелі?

Валерый Білібуха: Проста я ўсе праблемы людзей вырашаў пры дапамозе незалежных журналістаў. Усе праблемы агучваліся. А хто ж праўду любіць? Асабліва, калі гэта праўда пра бардак і беззаконне, якія мясцовыя ўлады і твораць, і калі гэтую праўду бачаць усе.

Еўрарадыё: Кажуць, што “не важна, як галасуюць, ― важна, як лічаць галасы”. Як у вас атрымалася пераскочыць гэты бар’ер?

Валерый Білібуха: У склад выбарчай камісіі па выбарах у сельсавет былі ўключаныя мае людзі ― такое здарылася ўпершыню за 23 гады. У раённы савет, у той камісіі, таксама быў мой чалавек. І былі паўсюль мае назіральнікі. Бо гэтым разам я браў дзве акругі: у раённы савет і ў сельскі. Але ў раённы не прайшоў ― не хапіла галасоў. Маім канкурэнтам у райсавет быў начальнік чыгуначнай станцыі. У пасёлку, дзе ён жыве, насельніцтва больш, а яны практычна ўсе за свайго прагаласавалі. Ды яшчэ і “раёнка” сваімі матэрыяламі пра мяне нашкодзіла мне моцна…

Відэа http://1reg.by

Еўрарадыё: Што ж яны такога пра вас напісалі?

Валерый Білібуха: Паднялі на паверхню гісторыю 15-гадовай даўніны… А тая мая судзімасць даўным-даўно пагашаная ― яшчэ 2009 годзе. Там сямейныя былі праблемы, скандалы, справы завялі на мяне. Я не сядзеў, але была крымінальная справа, далі мне па суду пэўны адсотак ад заробку плаціць ― усё! А “раёнка” ўзняла гэтую тэму. Пра тое што я, калі падаў дакументы, напісаў “не судзімы”, а ў дужках дадаў “судзімасць пагашаная”. А яны гэтую судзімасць расшыфравалі, што ў кожным артыкуле гучыць. Што і “забойца”, і чаго толькі і не панапісвалі на мяне!

Даведка Еўрарадыё: Валерый Білібуха быў асуджаны 30 траўня 2005 года па артыкуле 186 (пагроза забойствам), артыкуле 154 (катаванне). Асуджаны 30 кастрычніка 2007 года па частцы 1 артыкула 205 (крадзеж). У адпаведнасці з артыкулам 97 на дадзены момант судзімасці не мае.

Еўрарадыё: Вы супраць таго, каб выбаршчыкі ведалі хай пра даўнія, але судзімасці кандыдатаў у дэпутаты?

Валерый Білібуха: Навошта гэта ― у бруднай бялізне калупацца? Вазьмі любога ― у кожнага па маладосці нейкія “касякі” былі, ніводнай ідэальнай сям’і няма! Ну, бывае, чалавек памыляецца ў жыцці. Але выносіць на святло даўні бруд ― гэта лішняе, я лічу.

Еўрарадыё: Вы адзін з праблемамі змагаецеся ці ў вас тут ёсць калегі-сябры па дэмакратычным лагеры?

Валерый Білібуха: Ёсць у нас на раёне некалькі сябраў Партыі БНФ ― мы з імі разам усе праблемы выносім на публіку. А ўлада вельмі моцна баіцца такога апублічвання мясцовых праблем. Нездарма ж адзін наш вядомы палітык сказаў, што інтэрнэт сёння страшнейшы за трох узброеных салдат. Але для мясцовых не важна, што я нейкі там “апазіцыянер” ― для іх важна, што я вырашаю іх надзённыя праблемы. Так, мне за гэта нічога не плацяць, але калі мне народ даверыў іх інтарэсы прадстаўляць, то я не магу проста сядзець і маўчаць.

Еўрарадыё: Парайце, як іншым прадстаўнікам апазіцыі паўтарыць ваш поспех?

Валерый Білібуха: Пакуль у нас не будзе сумленных выбараў з празрыстым падлікам галасоў ― просты чалавек у дэпутаты прабіцца не здолее. Будуць толькі прызначэнцы. Якія загадзя ведаюць, дзе яны будуць, у які савет іх прызначаць.

Еўрарадыё: Што можа зрабіць адзін Білібуха, калі усе астатнія ў савеце ― прызначэнцы?

Валерый Білібуха: Можа і адзін шмат зрабіць ― я ж вырашаў праблемы людзей. І не толькі сваёй акругі. Да мяне людзі ішлі з іншых акругаў ― не да сваіх мясцовых начальнікаў і дэпутатаў, а да мяне. А мне не важна, адкуль чалавек, калі ў яго праблема і ён з ёй да мяне прыйшоў. Я чалавека выслухаю. А далей усё проста. Адразу ― у незалежную прэсу, паперкі “катаць” ― выстаўляць іх у інтэрнэт і пускаць па інстанцыях!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі