Вы тут

Фрунзенскі выбаркам адказаў экс-кандыдату наконт актывіста, які галасаваў тройчы

Фота з сацсетак

Фрунзенскі раённы выбаркам заяўляе, што бюлетэні для галасавання на сёлетніх мясцовых выбарах выдаваліся ў адпаведнасці са спісамі выбарцаў і на падставе Пастановы ЦВК. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які прыйшоў экс-кандыдату ў дэпутаты Мікіту Семяненку. Экс-дэпутат падаваў заяву ў мілцыю з нагоды таго, што актывіст Дзяніс Краўчук змог прагаласаваць тройчы на ​​розных участках.

Інцыдэнт з актывістам грамадзянскага руху "Дзея" Дзянісам Краўчуком атрымаў шырокі розгалас. Не маючы сталічнай прапіскі, хлопец змог тры разы прагаласаваць на розных участках Мінска на датэрміновым галасаванні. Малады чалавек праставіў у сваім пашпарце адзнаку "000-179", пра якую даведаўся з сацыяльных сетак, і прагаласаваў у гімназіі №4, а таксама школах №185 і №201.

Пра гэты інцыдэнт згадала ў дзень выбараў старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна назвала дзеянні Краўчука правакацыяй.

Сам Краўчук па выніках свайго паходу падаў заяву ў праваахоўныя органы. Такую ж заяву ў міліцыю падаў кандыдат у дэпутаты, актывіст руху "За Свабоду" Мікіта Семяненка.

Адказ з міліцыі Семяненка яшчэ не атрымаў. Але з МУС яго зварот перанакіравалм ў раённую выбарчую камісію. Адтуль экс-кандыдату адказалі, што бюлетэні для галасавання выдаваліся выбарцам згодна са спісам грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, пасля прад'яўлення пашпарта ці іншага дакумента, вызначанага Пастановай ЦВК Беларусі.

Краўчук запэўнівае, што ён паўсюль паказваў свой пашпарт і не быў уключаны ні ў якія спісы. 

У РУУС Фрунзенскага раёна, дзе Семяненка пакідаў сваю заяву, яму сказалі, што праверка яшчэ ідзе, піша tut.by. Экс-кандыдат наракае, што ўсе заявы з пракуратуры, ЦВК, міліцыі перадаюцца ў раённую выбарчую камісію.