Вы тут

Канцэрты і падарункі выбаршчыкам: галоўнае пра парламенцкія выбары ў Малдове

ZDG

 

Па матэрыяле Ziarul de Gardă

Змяшаная сістэма і адмінрэсурс

У мінулым годзе Малдова перайшла з прапарцыйнай сістэмы галасавання на змяшаную. Гэта азначае, што палову дэпутатаў абяруць па партыйных спісах, а другую — па аднамандатных акругах. Улады настойвалі на ўкараненні гэтай сістэмы не адзін год, і на гэтых парламенцкіх выбарах яе прыменяць ўпершыню — насуперак пратэстам апазіцыі і абурэнню Еўропы.

Апазіцыя і грамадзянская супольнасць лічаць, што цяпер кіруючая партыя зможа бесперашкодна выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс і метады подкупу выбаршчыкаў у правінцыях, тым самым істотна умацаваўшы свае і без таго не хісткія пазіцыі.

А заадно і рэферэндум, каб абысці Канстытуцыю

Яшчэ адно новаўвядзенне, якое чакае выбаршчыкаў на участках 24 лютага — рэферэндум. У гэтай сферы кіруючай партыі таксама давялося душыць непрыманне апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Выбаршчыку трэба будзе адказаць на два пытанні: "Ці падтрымліваеце вы скарачэнне колькасці дэпутатаў са 101 да 61?" і "Ці лічыце вы, што народ можа адклікаць (адправіць у адстаўку) дэпутатаў, калі яны не выконваюць належным чынам свае абяцанні?"

Бюлетэнь/ZDG

Эксперты лічаць, што больш за ўсё рызык тоіцца ў другім пытанні — адправіць у адстаўку абранага дэпутата супярэчыць малдаўскай канстытуцыі. Акрамя таго, з тэхнічнага пункту гледжання, ва ўмовах цяперашняй змяшанай выбарчай сістэмы, не ясна, як будзе прымяняцца працэдура адклікання да дэпутатаў, якія праходзяць па нацыянальных спісах, бо яны аказваюцца ў больш выгадным становішчы ў параўнанні з тымі, якія абраныя па аднамандатных акругах.

Хто ёсць хто

У перадвыбарчай кампаніі лідзіруюць тры галоўныя сілы: Дэмакратычная партыя Малдовы (на сёння кіруючая), якую ўзначальвае алігарх Уладзімір Плахатнюк, паплечнікі па-прарасейску настроенага прэзідэнта Ігара Дадона і праеўрапейская апазіцыя, у якой ёсць шанцы ўвайсці ў парламент.

Паводле апытанняў (вось, напрыклад, адно з апошніх), больш за ўсё шанцаў перамагчы ў Партыі сацыялістаў, пра гатоўнасць аддаць ім свой голас заявілі 39% апытаных. Прэзідэнт Малдовы і дэ-факта лідар партыі сацыялістаў Ігар Дадон называе сябе "прамалдоўскім, а не прарасійскім" палітыкам, але пры гэтым адносіць да сваіх бясспрэчных вартасцяў сяброўства з прэзідэнтам Пуціным.

Электарат Дадона/ZDG

Аднак, нават тыя малдаўскія палітыкі, якія адкрыта падзяляюць інтарэсы Крамля, у сваіх заявах звычайна пазбягаюць выказванняў, якія прымусілі б выбаршчыка западозрыць адмову ад курсу на еўраінтэграцыю. За апошнія гады ў Малдовы атрымалася пераарыентаваць экспарт сваёй сельгаспрадукцыі на Еўропу, і страта дасягнутага можа мець катастрафічныя наступствы.

За дэмпартыю, якую ўзначальвае алігарх Плахатнюк, абяцаюць прагаласаваць 14%. Павестка гэтай партыі прадугледжвае наладжванне супрацоўніцтва з ЕС, але не за кошт сапсаваных адносін з Расіяй.

Перадвыбачная кaмпанія ў Малдове/ZDG

Трэцім па палітычнай вазе выбаршчык лічыць блок праеўрапейскай апазіцыі. Гэта аб'яднанне называецца ACUM, у перакладзе з румынскага "цяпер". У ACUM увайшлі партыя "Дзеянне і салідарнасць" (у іх падтрымку выказаліся 13% адсоткаў апытаных) і платформа "Годнасць і праўда" (за іх 9%). Такое аб'яднанне намаганняў апазіцыі магло з вялікай верагоднасцю прывесці да стварэння кааліцыі паміж дэмакратамі і сацыялістамі — прынамсі, назіральнікі не выключалі такога развіцця падзей, але пакуль кааліцыя не атрымалася.

Перадвыбарчая кaмпанія ў Малдове/ZDG

Падарункі, канцэрты і іншыя перадвыбарчыя тэхналогіі

Кандыдаты традыцыйна вынаходлівыя ў спробах подкупу выбаршчыкаў. У ход ідуць падарункі, грашовыя пераводы, канцэрты, творчыя вечары і экскурсіі, якія нібыта не маюць нічога агульнага з перадвыбарчай агітацыяй. Часцей за ўсё ў такой завуаліраванай палітычнай рэкламе заўважаныя дэмакраты, сацыялісты і прадстаўнікі партыі "Шор"

Напрыклад, першыя павіншавалі малдаўскіх пенсіянераў з навагоднімі святамі і як бы незнарок паведамілі ім пра дапамогу памерам у 600 лееў (прыкладна 30 еўра), якую вылучылаў урад па ініцыятыве кіруючай партыі.

Віншавальная паштоўка малдоўскім пенсіянерам ад Дэмакратычнай партыі/ZDG

Эксперты бачаць тут выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу:

"Гэта косць, якую яны кідаюць людзям раз у чатыры гады, калі набліжаюцца выбары, — кажа палітычны аналітык Вячаслаў Бербека. — Мы лічым гэтыя лісты закамуфляванай формай пакупкі галасоў".

Назіральнікі аўтарытэтнай няўрадавай арганізацыі Promo-LEX падлічылі, што за мінулыя паўтара месяца Дэмпартыя, Партыя сацыялістаў і партыя "Шор" выдаткавалі амаль 192 тысячы еўра (3.766.917 лееў) на канцэрты і іншыя падобныя мерапрыемствы, якія па факце з'яўляліся часткай перадвыбарчай кампаніі, але пры гэтым не ўключаліся ў кошт перадвыбарных фондаў.

Выбары важныя, але... не канчатковыя?

Галоўнае пытанне, якім задаюцца назіральнікі: ці з'явіцца ў Малдове ўрад сацыялістаў? Эксперты лічаць, што сацыялістычная партыя атрымае большасць месцаў у парламенце, але да 51 мандата (а менавіта столькі трэба для таго, каб атрымаць права фармаваць урад) не дацягне.

Абмяркоўваецца і верагоднасць аб'ящлення кааліцыі дэмакратаў і сацыялістаў пасля выбараў.

Так ці інакш, калі ўрад не будзе сфармаваны на працягу трох месяцаў пасля выбараў, парламент распусцяць і ў краіне прызначаць пазачарговыя парламенцкія выбары.