"Еўропа не можа дазволіць сабе страціць аніводную нацыю, якая імкнецца да незалежнасці"

Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі

Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі / прэс-служба Ціханоўскай

"Еўропа не можа дазволіць сабе страціць аніводную нацыю, якая імкнецца да сапраўднай незалежнасці". Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у адказ на віншаванне ад Святланы Ціханоўскай з Днём незалежнасці Украіны. Адказ украінскага прэзідэнта з'явіўся на яго старонцы ў сацсетцы Х.

"Не менш важна, каб Беларусь не была ўцягнутая ў жорсткую вайну Расіі і ў выніку стала дэмакратычнай, адкрытай і мірнай краінай", — падкрэсліў Зяленскі ў сваім адказе.

Ён дадаў, што "Украіна ўдзячная тым беларусам, якія разам з украінскімі вайскоўцамі абараняюць нашу агульную свабоду".

24 жніўня Украіна святкавала Дзень незалежнасці. Віншуючы ў гэты дзень Зяленскага і народ Украіны з нацыянальным святам, Ціханоўская адзначыла, што сапраўдную Беларусь увасабляюць не Аляксандр Лукашэнка, які даў Расіі тэрыторыю для агрэсіі супраць Украіны, а беларусы, якія "выбралі свабоду і сталі побач з Украінай".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.