“Калі забарону на малако не знімуць у хуткім часе, чакаем падзення цэн”

“Калі забарону на малако не знімуць у хуткім часе, чакаем падзення цэн”

Ужо пяць дзён дзейнічае абмежаванне Рассельгаснагляду на амаль што ўсю беларускую малочную прадукцыю ў Расіі. Гэта бестэрміновыя санкцыі, таму невядома, колькі яны працягнуцца.

За гэты час Рассельгаснагляд ужо паспеў зняць абмежаванне з трох беларускіх вытворцаў. “Барысаўскі малочны камбінат”, “Ляхавіцкі малаказавод” і ваўкавыскі “БЕЛЛАКТ” могуць пастаўляць сваю прадукцыю на расійскі рынак без абмежаванняў.

Таксама 9 чэрвеня была падпісана Рассельгаснаглядам і дэпартаментам ветырынарнага нагляду Беларусі "дарожная карта". Яна дазволіць зняць узаемныя абмежаванні паставак прадукцыі, пры выкананні пэўных умоў. Аднак пакуль большасць беларускіх вытворцаў малочнай прадукцыі застаецца пад санкцыямі.

Еўрарадыё вырашыла даведацца ў беларускіх прадпрыемстваў, як яны адчулі на сабе расійскія санкцыі, і што далей.

Дырэктар "Здравушка-мілк" Эмілія Будрэвіч распавядае Еўрарадыё, што па прадпрыемстве забарона вельмі моцна ўдарыла, бо экспартуюць каля паловы сваёй прадукцыі ў Расію:

"Кажу з болем у сэрцы і з любоўю да расійскага пакупніка. Мы экспартавалі каля 50% сваёй прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю. Для нас гэта ўдар. У нас там быў свой пакупнік, мы ведалі, што ён любіць, быў ужо пэўны рынак, пэўны сегмент. І наўрад ці яны змогуць без праблем яго ў Расіі перакрыць".

 

“Калі забарону на малако не знімуць у хуткім часе, чакаем падзення цэн”

Адказваючы на пытанне журналіста Еўрарадыё Зміцера Лукашука, расійскі пасол у Мінску Аляксандр Сурыкаў выказваецца негатыўна наконт забарон Рассельгаснагляду. На яго думку, за парушэнні трэба накладваць санкцыі на канкрэтных вытворцаў, а не на ўсю краіну:

"Мне гэтая тэма самому не падабаецца. Я абсалютна падтрымліваю працу наглядных ведамстваў — і беларускага, і расійскага — па захаванні якасці прадукцыі".

Ён нагадаў, што Беларусь і Расія разам вырабляюць 37 млн тон малака ў год (Беларусь — 7, Расія — 30). А спажываюць дзве краіны — 41 млн тон. Гэта значыць, ёсць дэфіцыт малака:

"А медыцынскія нормы кажуць, што кожны грамадзянін павінен спажываць 350 літраў малака ў год. А гэта яшчэ 15 млн тон трэба мець у год. Дык чым мы займаемся? Якасцю трэба займацца. Але трэба займацца і пашырэннем вытворчасці. Дзвюм краінам трэба давесці паказчыкі да медыцынскіх норм і спажываць ўласную прадукцыю. Вось гэта галоўнае", — кажа Сурыкаў.

Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат патрапіў пад асобныя абмежаванні. Усю іх прадукцыю цяпер нельга ўвозіць у Расію, а гэта было каля 90% іх экспарту. Дырэктар Глыбоцкага МКК Валерый Дулінскі тлумачыць Еўрарадыё, што цяпер яны могуць закрыць свой гандлёвы дом у Маскве і страціць пэўныя маркі прадукцыі:

"Каля 50% нашай прадукцыі ідзе на экспарт. І з яе, прыкладна, 90% — гэта Расія. Для нас гэта шок, вялікія страты. У нас ёсць гандлёвы дом у Маскве, які праз нейкі час не зможа існаваць. Мы страцім гандлёвыя маркі, якія мы выраблялі для Расіі. Таму з нецярпеннем чакаем перамоваў".

Але ёсць добрая навіна для беларускага спажыўца. У Беларусі з-за забароны на экспарт прадукцыі ў Расію можа адбыцца сур'ёзнае падзенне цэн на малочную прадукцыю.

Дырэктар "Здравушка-мілк" Эмілія Будрэвіч лічыць, што беларускі рынак ўсю прадукцыю не праглыне:

"Ніхто не прымусіць пакупніка браць не адну бутэльку малака, а дзве. Унутраная канкурэнцыя ў нас у краіне, напэўна, таксама не зусім правільная. Я лічу, што не варта і няправільна паніжаць цэны на прадукцыю, для таго, каб рэалізаваць. Мы ўсе працуем на мяжы, у нас не такая ўжо моцная маржынальнасць прадукцыі, каб рабіць на яе зніжкі".

Дырэктар Глыбоцкага МКК Валерый Дулінскі чакае падзенне цэн на малочную прадукцыю:

"Рынак заўсёды рэагуе на палітычныя падзеі. А на разнастайныя забароны і абмежаванні ён заўсёды рэагуе падзеннем цэн і попыту. Для нас гэта пагаршэнне сітуацыі. Чакаем падзення цэн".

Расія з 6 чэрвеня часова абмежавала пастаўкі малака і малочных прадуктаў з Беларусі. Пра гэта ў панядзелак паведаміў Рассельгаснагляд. Было заяўлена, што ў "чорны спіс" уключылі тыя віды прадукцыі, у якой расіяне выяўлялі найбольшую колькасць парушэнняў. 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі