Калі маршрутчыкі выканаюць новы закон, то будуць адпраўляцца з ускрайкаў Мінска?

З 26 лютага працаваць ад борта маршрутчыкам забаронена. Гэта звязана са зменамі правіл эксплуатацыі міжгародніх аўтобусаў. Цяпер перавозчыкі павінны заключаць пагадненне з мясцовым аператарам аб рэгулярных пасажырскіх рэйсах. Кіроўцам умовы не падабаюцца. Таму некаторыя кампаніі працягваюць перавозіць пасажыраў, як і раней, іншыя працу ўсё ж прыпынілі.

Артур Ліхадзіеўскі працуе ў кампаніі “Фаварыт 999”, якая перавозіць пасажыраў са Слуцка ў Мінск і назад. Кампанія аб'ядноўвае 30 іпэшнікаў, у кожнага з іх ёсць маршрутнае таксі. Да 26 лютага рэйсы былі штодзённа — кожныя паўгадзіны. У будні пасажыраў было не шмат, але кіроўцы ехалі ўсё роўна. Пачынаючы з вечара пятніцы і да панядзелка з Мінска адначасова стартавалі па дзве-тры маршруткі.

“Людзі тэлефанавалі 26-га, скардзіліся, што не могуць дабрацца. Але што мы можам зрабіць? Нас палохаюць вялізнымі штрафамі і канфіскацыяй аўтамабіля. “Пад вакзал” ісці не хочам па адной прычыне. Я індывідуальны прадпрымальнік. Аддаваў за машыну 40 тысяч долараў. Каб ісці “пад вакзал” і зарабляць грошы, трэба мінімум тры, чатыры ці пяць такіх машын. Але дзе мне іх узяць? Купіць машыну за тры-чатыры тысячы долараў можна, але як пасля глядзець людзям у вочы? Хай лепш яна будзе адна. Але добрая”.

Артур мяркуе, што шматлікія кіроўцы застануцца без працы.

“Калі абмяркоўвалі праблему на сходах, нам так і сказалі: “Мы вас усіх не возьмем. У нас няма столькі месца”. Гэта значыць, што, напрыклад, мы аб’яднаемся з трыма-чатырма людзьмі, прыйдзем, папрацуем тры месяцы, а пасля нам скажуць — да пабачэння?”

Ад паездак адмовіліся таксама канкурэнты кампаніі. У выніку, адзінай магчымасцю для пасажыраў з'яўляецца аўтобус, які ходзіць не так часта, як маршрутка і па вызначаных прыпынках. Перавозчыкі пакуль чакаюць і думаюць, як працаваць далей. Збіраюць меркаванні пасажыраў, прапаноўваюць падпісвацца пад петыцыяй.

Вячаслаў Булах, прадстаўнік кампаніі “Новы паварот”, якая з 26 лютага спыніла працу па напрамку “Мінск-Полацк-Мінск”, здзіўляецца, што іх абвінавачваюць у забастоўцы.

“Нам кажуць, што мы бастуем. Ды не! Вось зрабілі такі закон. Навошта яго парушаць? Падвялі так, што і туды, і сюды яго можна павярнуць. Трэба нешта думаць, каб ездзіць правільна. З 26 афіцыйна не працуем. Пасажыры пыталіся, куды тэлефанаваць, каму скардзіцца, калі паедзем? Гэта таксама невядома”. 

З-за зменаў у законе, маршрутчыкі абавязаныя адпраўляцца з вакзала, ездзіць па вызначаным маршруце, спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках, распрацаваць расклад. З гэтай нагоды вельмі нервуецца намеснік генеральнага дырэктара "Мінсктранса" Віктар Тозік.

“Няхай яны узаконьваюць свае маршруты і прыходзяць, — крычыць ён. — Дарэчы, у нас не толькі ёсць цэнтральны вакзал. Таксама ёсць Паўднёва-заходняя станцыя, дыспетчарская станцыя на Славінскага, Аўтазаводская. Захад-3, адкуль адпраўляецца транспарт у гродзенскім напрамку”.

Ён дадае, што сёння Цэнтральны аўтавакзал загружаны не больш чым на 65 адсоткаў. Але мала гэта ці зашмат? Відавочна, што калі сёння ўсе маршрутчыкі прыйдуць працаваць на Цэнтральны, ён не зможа справіцца з такой колькасцю транспарту. І каб наведаць сваякоў, людзі пасля працы ў пятніцу павінны будуць адпраўляцца ў іншы канец горада, каб дабрацца да Гродна, Магілёва ці іншага пункта. Што самае галоўнае — яшчэ не факт, што месцаў хопіць усім.